Першая музычная майстэрня ў Навагрудку сабрала таленты

У парафіі Святога Міхала ў Навагрудку з 23 па27 жніўня для дзяцей, моладзі і дарослых упершыню ладзілася музычная майстэрня.

Як адзначыў ксёндз Юрый Жэгарын, гэта мерапрыемства дае магчымасць праз веру выразіць спевам і музыкай тое, што немагчыма выразіць словамі, а таксама адчуць блізкасць, любоў Бога і дакрануцца сэрцам да Яго прыгажосці. Наведвальнікамі музычнай майстэрні сталі моладзевы гурт «Veni», які дзейнічае пры касцёле Святога Міхала Арханёла, удзельнікі парафіяльнага хору, а таксама іншыя юныя і дарослыя мясцовыя вернікі. Сустрэчы і майстар-класы, якія праходзілі на працягу некалькіх дзён, правялі ўдзельнікі музычнай супольнасці «Ubi Caritas» з Івянца на чале з духоўным кіраўніком айцом Яўгенам Голубам, а таксама арганіст касцёла Святога Міхала Яўгеній Пяцельчыц і яго вучаніца Ірына Букіна. Дапамогу ў арганізацыі работы музычнай майстэрні аказала дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Аскерка.

Кульмінацыяй і плодам музычнай майстэрні быў заключны канцэрт праслаўлення, які адбыўся 26 жніўня, а таксама на наступны дзень ўрачыстая святая Імша, якая сабрала каля 130 дзяцей і моладзі.

Некаторыя ўдзельнікі майстэрні падзяліліся сваімі ўражаннямі. Барабаншчык парафіяльнага гурта “Veni” Данііл Сакевіч сказаў, што “дзякуючы майстэрні ён засвоіў некалькі прыгожых рытмаў і павучыўся адпаведнай тэхніцы гульні”.

Усе удзельнікі музычнай майстэрні выказалі надзею, што такое мерапрыемства стане традыцыйным і будзе ладзіцца штогод.

Анастасія Пятрова, тэкст
Раман Хацян, фота і відэа

для друку для друку