Першая нядзеля Вялікага посту ў Касцёле на Беларусі абвешчана днём пакаяння і перапрашэння за знявагі Бога

Па рашэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Першая нядзеля Вялікага посту, якая сёлета прыпадае на 1 сакавіка, абвешчана ў Касцёле на Беларусі днём пакаяння і перапрашэння за ўсе знявагі Бога, учыненыя сынамі і дочкамі нашага народа.

У гэты дзень ва ўсіх касцёлах нашай краіны будуць цэлебравацца святыя Імшы ў гэтай інтэнцыі і ўзносіцца малітвы пакаяння і перапрашэння.

У Звароце да вернікаў, які ад імя каталіцкіх біскупаў Беларусі падпісаў Старшыня ККББ арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у прыватнасці, гаворыцца:

«Доўгая гісторыя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі пазначана шматлікімі пераследамі і адыходам ад веры.

Усведамляючы нашу грахоўнасць, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 28 кастрычніка 2019 года на 75-м Пленарным пасяджэнні вырашыла, што ў першую нядзелю Вялікага посту 1 сакавіка 2020 года ва ўсіх касцёлах нашай краіны цэлебруюцца святыя Імшы перапрашэння за знявагі Бога, якія здзейсніў наш народ».

Іерархі заклікаюць усіх вернікаў Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне актыўна ўключыцца ў гэтую малітву перапрашэння.

Да Звароту каталіцкіх біскупаў прыкладаецца тэкст спецыяльнай малітвы пакаяння і перапрашэння, якой неабходна памаліцца з вернікамі пасля святой Імшы ў першую нядзелю Вялікага посту, па магчымасці, перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Catholic.by

 

для друку для друку