Першая эмоцыя чалавека — страх

Сёння мы будзем размаўляць пра страх. Гэта эмоцыя першая з’яўляецца пры нараджэнні і застаецца з чалавекам усё жыццё.

Страх бывае розных відаў і эвалюцыянуе з узростам дзіцяці. Але не будзем разбіраць усе падрабязнасці, проста адзначым, што першыя месяцы жыцця ў адзіноце дзіця адчувае эмоцыю па інтэнсіўнасці падобную да страху чалавека пры смяротнай небяспецы. Калі малое хоча есці, для яго яшчэ не існуе разумення: “я галодны”, “мама праз дзесяць хвілінаў пакорміць мяне”. Для яго нават паняцце дзесяці хвілінаў не існуе, толькі голад тут і цяпер, і гэтае “тут” вельмі страшнае, падобнае да адчування галоднай смерці. Першыя віды страху – гэта страх неіснавання і страх знішчэння. Таму дзіця крычыць, карыстаючыся адзіным даступным яму спосабам паклікаць на дапамогу. Бацькам у гэты час трэба мабілізавацца і аб’яднацца, каб быць максімальна побач і абараніць малога чалавека ад жаху, які ён адчувае.

Пасля шасці месяцаў дзіця ўжо бачыць цалкам маму, а не толькі рукі, вочы, вусны, якія да яго час ад часу “прылятаюць”. Маці пачынае ўяўляцца як асоба, а гэта азначае, што мама можа прыйсці, а можа не прыйсці, можа любіць, а можа не любіць. І ў гэты момант з’яўляецца страх быць кінутым, не патрэбным, не любімым. Бліжэй да трох гадоў з’яўляецца страх пакарання.

Такім чынам, ад нараджэння да трох гадоў эвалюцыянуе эмоцыя страху, і вельмі важна, як дзіця перажывае гэты час. На жаль, у нейкія перыяды страх можа “захрасаць”. Напрыклад, калі мама доўга не падыходзіць (-дзіла) да малога ў першыя месяцы, то ўжо дарослым чалавек можа моцна і невытлумачальна баяцца смерці, хваробы ці вар’яцтва. Хранічныя дэпрэсіі закладаюцца ў прамежку шасці месяцаў – паўтара года як вынік моцнага неперарослага страху сепарацыі, страху быць адкінутым, непрынятым. Як ні дзіўна, дзеці, каторых называюць “залатымі”, – гэта менавіта тыя, якія ў свой час вельмі баяліся страціць любоў бацькоў і намагаліся быць ідэальнымі.

Страх страты любові вельмі распаўсюджаны ў беларусаў, мы гэта называем беларускім менталітэтам. Насамрэч гаворка ідзе пра няздольнасць усведамляць свае патрэбы, жаданні, не толькі пра схільнасць падладжвацца пад іншых, каб не падумалі нічога, не адвярнуліся, не пакінулі.

Значэнне страху цяжка пераацаніць. Гэта эмоцыя, якая абараняе ад небяспекі, папярэджвае пра пагрозу жыццю, здароўю ці псіхіцы. Страх – эмоцыя “замарожвальная”. Калі страх надта высокі, то ў арганізме замаруджваюцца ўсе працэсы: мысленне запавольваецца, словы забываюцца, разуменне зніжаецца. Можна нават патрапіць у ступар, шок як самую моцную ступень страху, калі арганізм уключае рэжым ашчаджэння энэргіі, каб хапіла моцы для барацьбы ці ўцёкаў.

Страх становіцца сапраўднай праблемай, калі ён знаходзіцца працяглы час на самай нізкай ступені – гэта азначае пастаянную фонавую трывогу. Складанасць у тым, што трывогу часам цяжка заўважыць, у адрозненні ад моцнага спалоху ці фобіі. Жыве сабе чалавек і жыве ў трывозе, супакою няма, шчасця таксама не адчуваецца, а з чым звязаная трывога і што з ёй рабіць, не зразумела.

Цяжка разабрацца і са страхамі, якія цягнуцца з дзяцінства. Без прафесійнай дапамогі тут не абысціся, бо неабходна шукаць прычыны ў такім малым узросце, куды нават памяць не дазваляе зазірнуць.

У нас ёсць таксама шэраг сацыяльных страхаў, тых, што з’явіліся пазней, у розных жыццёвых сітуацыях: страшна загаварыць першым, падняць руку ў школе, да кіраўніка з прапановай падысці, на сцэне выступіць. Тут трэба таксама разбірацца ў першапрычынах, працаваць над самаацэнкай, заўважаць свае моцныя бакі, пазітыўна трактаваць дасягненні, прасіць падтрымкі ў блізкіх і падтрымліваць іх у падобных страхах. Дзеткам варта ствараць сітуацыі поспеху, дзе яны будуць адчуваць сябе здольнымі і ўпэўненымі, часцей хваліць. Ды і ўвогуле хваліць трэба і дзяцей, і дарослых. Гэта нікому не зашкодзіць, а стане сапраўднымі лекамі супраць страхаў быць не любімымі, нявартымі, непрынятымі.

Ёсць сітуацыі, калі людзі пастаянна жывуць у моцным страху (вайна, цяжкая хвароба свая ці блізкага, фізічны, сэксуальны ці псіхалагічны гвалт у сям’і). Гэты страх мае моцныя разбуральныя наступствы, тут упершую чаргу неабходна змяніць саму сітуацыю, а пасля сур’ёзна папрацаваць з псіхолагам ці псіхатэрапеўтам.

Універсальных прычынаў узнікнення страхаў і барацьбы з імі не існуе. Кожны чалавек унікальны, у кожнага свая гісторыя і свае наступствы. Вельмі важна прыглядацца і прыслухоўвацца да сябе, заўважаць свае рэакцыі, разумець рэакцыі іншых людзей і асабліва ўважлівымі быць з эмоцыямі дзетак, бо ім найбольш патрэбная наша дапамога.

Калі ў вас, паважаныя чытачы, ёсць пытанні, звязаныя са страхамі, дасылайце іх у рэдакцыю з пазнакай “псіхолагу”. Магчыма, зможам разабрацца разам.

Дзякуй за ўвагу!

Таццяна Палхоўская, псіхолаг

для друку для друку