Першае выпрабаванне пачынаючых катэхетаў з Баранавіцкага каледжа

8Калі мы штосьці робім упершыню, гэта надоўга застаецца ў нашай памяці. Напэўна, 24 студзеня 2015 года стане “чырвоным днем календара” для студэнтаў-катэхетаў 2 курса, якія зладзілі свае першыя ўрокі рэлігіі. Сваімі думкамі і ўражаннямі падзяліўся з намі Уладзімір Крупенка.

Першая катэхэза падобна першай маёй бойке ў дзіцячым садку: ніхто нікога не забіў, але ўражанняў было столькі, што апавядаў яшчэ тыдзень.

Нашую групу падзялілі на дзве часткі. Першая палова праводзіла заняткі для дзяцей, другая — для іх бацькоў. Мне дасталіся па жэрабю дарослыя. Калі казаць дакладней, то адзін дарослы. Я не ведаю, колькі год было тым дзецям, якія паралельна мелі заняткі, але ім было дастаткова шмат год, каб іх не суправаджалі на заняткі бацькі. У думках я быў гатовы да такога павароту, але колькасць катэхізіруемых, у адзін момант, значна павялічылась за кошт студэнтаў-катэхетаў, якія ў гэты час былі вольныя.

Непасрэдна пра сам час першай практыкі казаць нечага. Ну можа адно, што адчуў, як лягчэй апавядаць, калі слухаюць. А лепш распавяду пра час падрыхтоўкі.

Падрыхтоўка пачалася з выбара тэмы, бо тыя, хто замест вучняў атрымаў дарослых, павінны былі самі выбраць тэму і прадмет занятку. Я апавядаў пра малітву “Ойча наш”. Не чакаў, што тэма досыць складаная і так мяне дакранецца. А дакранулася яна мяне тады, калі я перастаў лічыць, што ўсё ў ёй я разумею. Напрыклад, “да свяціцца імя Тваё”, што гэта значыць, аб чым мы просім, на што згаджаемся, па якому шляху вырашаем ісці, кажучы гэтыя словы? Пачалі паўставаць цяжкія пытанні, і апошні тыдзень перад практыкай стаўся часам для адказа на іх. Мне падаецца, што так і павінна быць, бо, калі матэрыял цябе не кранае, ты не знаходзіш там нічога цікавага, павінны з’явіцца думкі, што штосьці робіцца нядобра.

Падводзячы вынікі нашага першага настаўніцкага вопыту, амаль усе адзначылі неабходнасць такіх заняткаў, патрэбу практыкі, бо добры катэхет інакш не з’явіцца.

4 7

Паводле catcollege.by

для друку для друку