Перэгрынацыя ў Віцебскай дыяцэзіі фігуры Маці Божай Фацімскай завяршылася ў Браславе

12 кастрычніка завяршылася перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай у Браслаўскай парафіі, а разам з тым ва ўсёй Віцебскай дыяцэзіі, паведамляе waladarka.by. З 13 мая па 13 кастрычніка католікі Віцебшчыны разважалі над таямніцамі паслання Маці Божай у Фаціме, аб’яўленням якой сёлета спаўняецца 100 гадоў.

«Сёння, калі на Імшы прысутныя кусташы марыйных санктуарыяў у Браславе і Шуміліне, у месцы, дзе перад абразом Маці Божай Валадаркі азёраў знаходзіцца фігура Маці Божай Фацімскай, наша дыяцэзія асаблівым чынам знаходзіцца пад апекай Марыі, − распачаў гамілію біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. – Гэтыя санктуарыі знаходзяцца з розных бакоў дыяцэзіі як сімвал таго, што Марыя ахінае ўсю нашу Віцебшчыну. Сёння Маці Божая прыходзіць да нас як лекар, яна падтрымлівае аздараўленчую місію Хрыста: хоча каб кожны з нас перажыў навяртанне, аздараўленне, паяднанне з Богам».

Напрыканцы Літургіі біскуп Алег выказаў падзяку ўсім вернікам дыяцэзіі за жаданне прыслухацца да Марыі і быць паслухмянымі Богу, за трыванне на малітве. У сваю чаргу кусташ санктуарыя ў Шуміліне ксёндз Анджэй Юхневіч падзякаваў усім святарам і вернікам, якія прымалі ў сваіх парафіях фігуру Маці Божай, і пажадаў, каб і надалей даручалі Марыі свае інтэнцыі.

для друку для друку