Перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай у глыбоцкай парафіі (+фота і відэа)

12 ліпеня ў 17.30 вернікі парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім віталі перад святыняй фігуру Маці Божай Фацімскай, якая пілігрымуе па парафіях Віцебскай дыяцэзіі. Словы прывітання скіраваў вікарый парафіі кс. Іван Кароткін.

Урачыстай працэсіяй увайшоўшы ў касцёл, Панну Марыю віталі прадстаўнікі сем’яў і дзеці. У 18 гадзін распачалася св. Імша. У гаміліі кс. Іван звярнуў увагу на постаць Марыі як нашу Маці: «Маці — гэта самы блізкі чалавек, якая заўседы клапоціцца пра сваіх дзяцей. Яна радуецца, калі радуюцца дзеці, пакутуе, калі дзеці церпяць. Марыя з’яўляецца нашай маці, якая ведае кожнага з нас і за кожнага перажывае.

Апоўначы адбылася св. Імша, якую ўзначаліў віцэ-дэкан Глыбоцкага дэканату і пробашч парафіі ў Дзеркаўшчыне кс. Андрэй Кулік. Пасля Літургіі адбылася працэсія з Маці Божай і свечкамі ў руках.

Вялікая колькасць людзей у гэтыя дні наведалі касцёл, каб ушанаваць Найсвяцейшую Панну. Шмат гадзін ружанцовай малітвы, марыйныя спевы, святыя Імшы, чуванне — усё гэта было на хвалу Божай Маці.

14 ліпеня а 17 гадзіне адбылося развітанне з Найсвяцейшай Паннай, якая накіравала свой далейшы шлях у Удзела.

Марына Сінкевіч, тэкст,
Марына Сінкевіч, Зміцер Лупач, фота
Леанід Юрык, Зміцер Лупач, відэа 

для друку для друку