Перажыванне суму. Парады псіхолага

Сёння мы пагаворым пра сум. Не пра той, які па-руску “скука”, а пра той, што перакладаецца як “печаль”. Як ні дзіўна, але людзей, каторыя маюць здольнасць перажываць сум, не так і шмат.

Сум – гэта рэакцыя на страту. Патрэбна гэта эмоцыя для палягчэння болю ад згубы і страты.

Боль узнікае, калі траціцца штосьці каштоўнае. Чым большая каштоўнасць, тым большы боль, тым большы мусіць быць сум. Але часта ў рэальнасці гэты боль так цяжка перажываць, што ён “выключаецца”, “блакуецца”. Звычайна гэтаму спрыяюць думкі і ўнутраныя ўгаворы ці словы блізкіх: “Не сумуй!”, ”Не перажывай! У цябе ёсць дзеля чаго жыць!”, “Адцягні ўвагу! Жыццё не скончылася!”, “Не плач!” Людзі слухаюць такія парады, занураюцца з галавой у працу, у новыя праекты, адцягваюць увагу новымі адносінамі, дзецьмі, забаўкамі, збягаюць куды могуць ад сваіх унутраных перажыванняў. Падаецца, што так лягчэй, спакойней. Блізкім то дакладна прасцей, бо не трэба сутыкацца з чужым сумам, чужымі слязьмі, з бездапаможнасцю. Самому ж самотнаму чалавеку складана знаходзіцца са сваім горам, але і побач з ім таксама не проста: не ведаеш, што сказаць, як рэагаваць, куды запрашаць, пачынаеш даваць парады.

Але галоўная праблема ў тым, што боль не павінен заставацца ўнутры, ён мусіць выйсці, перажыцца, перабалець, каб жыць далей якасна, па-сапраўднаму, напоўніцу. Калі вашыя родныя плачуць і гаруюць па страце, гэта добра ў перспектыве, не трэба гэтага палохацца. Праўда, тут могуць быць пытанні з тэрмінам перажывання. Для стратаў першай катэгорыі (тых стратаў, якія з’яўляюцца самымі значнымі ў жыцці чалавека) нармальным лічыцца тэрмін сумавання каля году – году з паловай.

Усяго ёсць тры катэгорыі стратаў. У дарослых і дзяцей яны крыху могуць адрознівацца.

Першая катэгорыя:

  • Смерць блізкіх;
  • Раптоўны разрыў адносінаў з блізкімі;
  • Раптоўная страта здароўя, частак цела, якая моцна змяняе стыль і якасць жыцця;
  • Распад сям’і для дзіцяці (чым менш год дзіцяці, тым большыя наступствы для яго жыцця нясе гэтая падзея);
  • Турэмнае заключэнне пасля выпадковасці;
  • Пераезд для дзіцяці з рэзкай зменай жыцця;
  • Ранняя шпіталізацыя (для дзіцяці раўназначная страце стабільнасьці, як і пры пераездзе);
  • Страта хатняй улёбёнай жывёлы (для дзіцяці).

Другая катэгорыя стратаў пераносіцца таксама цяжка:

  • Расстанне з блізкімі;
  • Расстанне з каханымі;
  • Расстанне з сябрамі;
  • Здрада;
  • Развод (успрымаецца як страта будучыні і ўяўленняў пра сваё жыццё);
  • Страта працы;
  • Страта бізнэсу (банкруцтва);
  • Страта важных стасункаў.

Страты трэцяй катэгорыі ўжо меншыя:

  • Змена абставінаў для дарослых;
  • Разбітая машына;
  • Крадзяжы (страта кантролю, бездапаможнасць);
  • Змена працы.

Не раз кожны сустракаўся са словамі: “А што тут ужо плакаць? Які сэнс? Нічога не вернеш”. Плакаць трэба, калі плачацца. Слёзы – гэта як дань павагі. Чым большая любоў, тым большы боль, тым больш слёз. Плач дапамагае залячыць раны, ён дзейнічае як гаючы бальзам. Вы адчувалі калі-небудзь палёгку пасля слёз? Праясняўся розум? Было лягчэй брацца за вырашэння праблемаў? Калі на псіхатэрапіі кліент пачынае плакаць, гэта можа быць знакам таго, што справа пайшла, адбыўся прарыў, з’явіўся шанец пачаць новы шлях.

Але, на жаль, часта да барацьбы з болем падключаецца механізм “замарозкі”, які мы называем дэпрэсіяй. Дэпрэсія выключае боль. Чалавек пачынае па-філасофску разважаць, нешта тлумачыць сабе і іншым, але разам з адключэннем гора пачынае “тармазіць” і ўсё ўнутранае жыццё чалавека:

  1. З’яўляюцца праблемы з мысленнем. Чалавек пачынае марудна ўсё асэнсоўваць, не можа сканцэнтравацца на думках ці справах, цяжка запамінае. У размове ёсць паўзы, забываюцца словы.
  2. Праблемы з эмацыйнай сферай. Пачуцці прытупляюцца, не ўсведамляюцца. Тое, што раней прыносіла радасць, цяпер не выклікае эмоцыяў.
  3. Праблемы з жаданнямі. З’яўляецца абыякавасць да ўсяго, жаданні знікаюць.
  4. Праблемы з фізіялогіяй. Могуць пачацца парушэнні з харчаваннем (булімія, дыстрафія), парушэнні сну (бяссонніца, цяжкасці з прачынаннем, сон не глыбокі), праблемы з каардынацыяй (нешта падае ўвесь час, чалавек не ўпісваецца ў дзверы, стукаецца).

Мы можам дыягнаставаць дэпрэсію, калі супадаюць два сімптомы з розных прыкметаў.

Калі да трох год дзіця перажывае вельмі вялікі боль і пры гэтым “уключае замарозку” – дэпрэсію, то пасля гэты механізм будзе звыклым спосабам спраўляцца са стратамі. Невядома адкуль паяўляюцца восеньскія ці вясеннія беспрычынныя дэпрэсіі, страхі і г.д.

Такім чынам, сум – важная эмоцыя, якая дапамагае залячыць раны, перажыць боль, пачаць новы этап жыцця. Сумаваць – важная здольнасць, якую трэба развіваць. Гараваць па страце – жыццёва важны працэс, а нам важна падрымліваць сваіх блізкіх.

Дзякуй за ўвагу!

Таццяна Палхоўская, псіхолаг

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі