- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Перамога жыцця над смерцю – вернікі ўшанавалі памяць ахвяраў росіцкай трагедыі (+відэа)

[1]У суботу 16 лютага больш за дзве сотні вернікаў наведала вёску Росіцу, што ў Верхнядзвінскім раёне, каб ушанаваць гадавіну росіцкай трагедыі.

76 гадоў таму, з 16 па 18 лютага нацысцкія карнікі спалілі 1528 жыхароў Росіцы. Разам з імі ў агні загінулі і 2 святары – Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра. Гэту трагедыю апісала ў сваёй кнізе “Будзь воля Твая” пісьменніца Ірына Жарнасек. У свой час яна пазнаёмілася з сястрой Ядзвігай Віршутай, для якой ксёндз Антоній выпрасіў у карнікаў жыццё.

– Праплакаўшы дзень разам з ёй над гэтай гісторыяй, мне прыйшлося плакаць над гэтай гісторыяй яшчэ вельмі шмат, нават на гады гэта расцягнулася. Мне хацелася, каб як мага больш людзей даведалася пра гэту трагедыю, – распавядае спадарыня Ірына. – Мы прыязджалі з сястрой Ядзвігай сюды, калі касцёл быў яшчэ вельмі занядбаны. Тады прыйшла гэта думка, распавядаць пра гэту вялікую любоў блаславёных нашых айцоў, пра іх перамогу над смерцю. Бо гэта іх перамога разам з Хрыстом над смерцю.

[2]Распачаліся ўрачыстасці а 11 гадзіне ў росіцкім касцёле Святой Тройцы з выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту. Святая Імша распачалася а 12 гадзіне, яе цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Напачатку богаслужэння па традыцыі ўсіх святароў і пілігрымаў прывітаў пробашч касцёла ў Росіцы айцец Чэслаў Курэчка. Ён адзначыў, што роўна 76 гадоў таму, 16 лютага на гэтай падлозе стаяла больш за тысячу жыхароў Росіцы, якія рыхтаваліся да свайго апошняга шляху да вечнасці. Святар падзякаваў усім за памяць пра гэтую ахвяру, а Богу – за вясенняе надвор’е, якое стаяла ў гэты дзень. Ён адзначыў, што гэта дае нам усім магчымасць больш часу прысвяціць малітве.

У сваім уступным слове біскуп Алег адзначыў, што ў гэтым годзе мы будзем святкаваць дваццацігадовы юбілей Віцебскай дыяцэзіі, таксама ў гэтым годзе спаўняецца дваццаць гадоў аднаўлення касцёла ў Росіцы.

Іерарх павіншаваў таксама архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі, які таксама прысутнічаў на ўрачыстасці з сямідзесяцігадовым юбілеем, а таксама дваццацігадовым юбілеем служэння ў Беларусі. З гэтай нагоды ардынарый падараваў айцу Сяргею абраз.

Архімандрыт лічыць, што ў 1839 годзе царскі ўрад не ліквідаваў грэка-каталіцкай царквы, ён толькі знішчыў яе структуры. Таму гэта царква напрыканцы ХХ стагоддзя змагла адрадзіцца тут, на Беларусі.

–  І зараз пад Полацкам ёсць руіны рэзідэнцыі мітрапалітаў, – адзначыў айцец Сяргей. – Гэта сведчыць пра тое, што мы тут заўжды былі. Мы толькі гадоў трыццаць таму аднавілі душпастрарскія служэнні. Калі святы Айцец прыслаў мяне сюды дваццаць пяць год таму, ужо шмат парафій было арганізаваных, нават зарэгістраваных у дзяржаўных структурах. Мы працягваем працу на гэтым полі, на гэтай ніве, на якой мы знаходзімся.

[3]Слова да вернікаў прамовіў айцец марыянін з Жодзіна Міхаіл Цвячкоўскі. Ён назваў тыя падзеі і трагедыяй, і перамогай над смерцю гэтых двух святароў, якія маглі захаваць сабе жыццё, але да канца засталіся разам са сваімі парафіянамі.

Айцец Міхаіл паразважаў над тым, чаму Бог дапускае зло ў гэтым свеце. Ён адзначыў, што не Бог жадае людзям зла, але самі людзі вельмі часта абіраюць злачынны шлях. Праблема зла знаходзіцца ў сэрцы чалавека. На думку святара, Бог дае чалавеку выбар, заўсёды ёсць два шляхі, дабра і зла, і Ён запрашае выбіраць дабро. І не заўсёды чалавек паслухмяны Богу выбірае тое, што добрае. Вельмі часта ён ад Бога адыходзіць. І грэх чалавека робіць тое, што з’яўляюцца шматлікія няшчасці.

– І гэта не значыць, што Бог так запланаваў, гэта чалавек так выбірае. Можна паглядзець па камуністычнай сістэме быўшай, яны адкінулі Бога, і куды гэта давяло? Да вялікіх катастрофаў, колькі людзей загінула, бо з чалавекам не лічыліся ўжо. Як асоба, чалавек перастае быць важны. Бог ніколі не перакрэслівае асобы і заўсёды запрашае жыць у свеце дзесяці Божых прыказанняў. Гэта не абмежаванне чалавека, гэта прастора, у якой чалавек з’яўляецца свабодным. Можна жыць і без гэтых запаведзяў, але тады ўжо чалавек уваходзіць у несвабоду, бо адкідвае божае. Гэта праўда, якая пацверджаная стагоддзямі, – адзначыў святар.

[4]Пасля Імшы жалобная працэсія накіравалася на тое месца, дзе 76 гадоў таму загінулі бязвінныя людзі разам са сваімі святарамі. На чале працэсіі неслі крыж як памяць пра тое, што ў 1943 годзе ксёндз Юрый Кашыра таксама з крыжом узначаліў шлях вернікаў да месца трагедыі. Доўгі час гэта месца было занядбанае, і толькі дзякуючы працы святароў тут паўстаў крыж, і гэта месца было ператворанае ў прыгожы мемарыял.

На думку пісьменніцы Ірыны Жарнасек, камуністычнай ўладзе не падабалася, што гэта гісторыя моцна звязана з касцёлам, што яе героямі сталі святары. Але і замоўчыць смерць больш за паўтары тысячы людзей яны не маглі. Таму помнік яны паставілі не на месцы трагедыі, не каля касцёла, а проста пры дарозе. Больш за тое, нават не давалі людзям маліцца на месцы трагедыі:

– Калі пасля вайны людзі вярталіся ў гэтую вёску, тыя, хто выжыў пасля канцлагераў, яны прыходзілі сюды на гэта месца. Бо тут іхнія бацькі, браты, сёстры, бабулі, дзядулі загінулі. Яны прыходзілі сюды памаліцца, а іх проста гналі адсюль. Забаранялі сюды прыходзіць.

На месцы гібелі жыхароў Росіцы адбылася малітва, і да вернікаў звярнуўся біскуп Алег Буткевіч. Ён адзначыў той факт, што мы знаходзімся на месцы, дзе адбылася перамога дабра над злом, перамога жыцця над смерцю:

– Прыходзячы сюды, мы ўшаноўваем не пераможаную смерць пакутнікаў, але імкнёмся ўсвядоміць сабе, чым сапраўды ёсць людское жыццё, наколькі вялікая яго годнасць.

[5]Вернікі паставілі да помніка знічы і ўшанавалі крыж, усталяваны ў гонар росіцкіх пакутнікаў. На думку архімандрыта Сяргея Гаека, прыклад айцоў Антонія і Юрыя мае вялікае значэння для кожнага святара:

– Росіца для мяне значыць вельмі шмат. Пра Росіцу я ведаў яшчэ раней, калі Святы Айцец накіраваў мяне служыць у Беларусь. І хаця маё служэнне абдымае ўсю Беларусь, але Віцебская дыяцэзія, тым больш Полацк, гэта нашы духоўныя крыніцы, асабліва для грэка-каталіцкай царквы. І калі мы гаворым пра Віцебск, Полацк, Друю, дзе шмат гадоў марыяне служылі, з Друі ўжо тры крокі ў Росіцу. А для служэння любога святара прыклад гэтых двух святароў, ксяндзоў Юрыя і Антонія, значыць вельмі шмат.

Закончыліся ўрачыстасці супольным абедам, а айцец Чэслаў запрасіў усіх на сустрэчу сем’яў, якая адбудзецца ў Росіцы 18 мая.

Больш фота ў суполцы ВК>> [37]

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа