У касцёле Святога Духа ў Віцебску, пробашчам якога з’яуляецца айцец Адам Квяткоўскі SDS, кожную нядзелю адбываецца Святая Імша на англійскай мове для замежных студэнтаў, а таксама для ўсіх жадаючых вернікаў.
Святую Імшу цэлебруе айцец Сяргей Мацюшонак OFMCap, а дапамагае яму ў гэтым настаўніца англійскай мовы спадарыня Ядвіга Сіпайла.
14 студзеня адбылася чарговая Святая Імша і сустрэча перад Божым Нараджэннем для англамоўных вернікаў, у якой прыняў удзел біскуп Віцебскай Дыяцэзіі Алег Буткевіч. Падчас сустрэчы ўсе яе ўдзельнікі падзяліліся аплаткам, пакаштавалі прыгатаваныя традыцыйныя стравы з розных краін (Ганы, Нігерыі, Шры-Ланкі), у сваёй большасці – вельмі вострыя.
Ад біскупа ўсе атрымалі маленькія сувеніры. Гучалі прыгожыя спевы, прысвечаныя Божаму Нараджэнню. Яго Эксцэленцыя зайграў на гітары калядную песню “Ночка ціхая зарыста”, з вялікай зацікаўленасцю яе слухала моладзь.
Напрыканцы ўсе атрымалі Божае блаславенне, якое ўдзяліў біскуп.
Ядвіга Сіпайла, тэкст
а. Сяргей Мацюшонак OFMCap, фота