- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Паводле якога прынцыпу святароў і манахінь пераводзяць з адной парафіі ў іншую?

[1] “Хвала Хрысту! Паводле якога прынцыпу ксяндзоў і манахінь пераводзяць з адной парафіі ў іншую? Як і чаму прымаюцца такія рашэнні?” Марына.

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP, піяр з Ліды:

– Хвала навекі!  Дарагая Марына!

Змена месца служэння душпастыраў ці законных сясцёр з’яўляецца чымсьці звычайным у практыцы Касцёла на працягу стагоддзяў. Пераводзіць з аднаго месца служэння на іншае можа дыяцэзіяльны біскуп ці найвышэйшы настаяцель канкрэтнай манаскай супольнасці, якому святар падчас святарскага пасвячэння абяцаў паслухмянасць. Бо менавіта біскуп ці настаяцель канкрэтнай манаскай супольнасці адказвае за адпаведную арганізацыю душпастырства і падбор асоб на  месцы служэння.

Няма нейкіх сталых правіл наконт пераводу святара. Кананічнае права дазваляе пэўную свабоду ў гэтым сэнсе. Можна сказаць, што галоўнай прычынай зменаў з’яўляюцца душпастырскія патрэбы вернікаў. З пераводам аднаго святара ўтвараецца ланцуг зменаў. Безумоўна, спадарожнічае гэтаму ўзрушэнне сярод вернікаў парафіі, якія прызвычаіліся да свайго душпастыра і хацелі б затрымаць яго ў сябе як мага даўжэй. Але ці гэта не эгаізм з іх боку? Найлепшы святар і толькі для іх! 
На справу пераводу святара трэба паглядзець са звышнатуральнага пункту гледжання, а не толькі выключна людскога.

Кодэкс Кананічнага Права дае агульнае правіла дзейнасці Касцёла, нагадваючы, што трэба заўсёды мець перад вачыма збаўленне душ (пар. кан. 1752). Пан Езус сказаў Апосталам: “Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне” (Мц 10,40). Бог паслугоўваецца рознымі святарамі. Цяжка сказаць, які святар у якой парафіі ўчыніць найбольш добрага. Такія змены патрэбныя святарам, законным сёстрам, але і вернікам таксама, сярод каго і  служаць святары. Новая парафія пэўным чынам мабілізуе святара да новага выкліку. У пераважнай большасці гэта спрыяе парафіянам, таму што новы святар уносіць свой погляд на канкрэтныя справы, інакш ацэньвае розныя рэчы, чым гэта рабіў мінулы пробашч, якога вернікі ведалі доўгія гады.

Чалавечая прырода мае штосьці ў сабе такое, што праз адпаведны час чалавек выпальваецца, перастае быць крэатыўным, не мае новых ідэй. І тады змена месца душпастырскага служэння – гэта шанец для святара, каб з новым запалам і новымі ідэямі ажывіць душпастырства ў новай парафіі. Новае асяроддзе змушае яго паставіць перад сабой больш  высокую планку. 
Калі казаць пра пробашчаў, то іх пасада больш стабільная, чым вікарыя. Згодна з кан. 522 Кодэксу Кананічнага Права, намінацыі прызначаюцца на неабмежаваны час, пакуль біскуп ці найвышэйшы настаяцель манаскай супольнасці не вырашыць перавесці святара ў іншае месца служэння. 

Змена парафіі, змена месца жыхарства, асяроддзя і супрацоўнікаў заўсёды будзе цяжкай! Патрэбны час, каб акліматызавацца і пазнаць новае атачэнне. Кожны чарговы перавод будзе лягчэйшым, хаця і спадарожнічаюць гэтаму розныя эмоцыі. І тое натуральна! Калі святар ці законная сястра вызначаюцца нейкай асаблівай харызмай, то змена парафіі можа толькі паспрыяць таму, што большая частка вернікаў скарыстаецца  прысутнасцю такой асобы.

У іншай парафіі таксама ёсць людзі, якія патрабуюць святара, каб іх спавядаў, цэлебраваў Эўхарыстыю і прысвячаў ім свой час. Пан Бог усюды хоча мець “сваіх людзей” і бывае, што нават вельмі дзіўным чынам праз біскупа ці найвышэйшага настаяцеля Ён паказвае, як вельмі патрабуе гэтага канкрэтнага святара ці законную сястру менавіта тут і цяпер!