Павел VI і першая ў гісторыі высадка чалавека на Месяц

Павел VI назірае за місіяй «Апалон-11» (©CATHOLICPRESSPHOTO)

50 гадоў таму адбылася першая ў гісторыі высадка чалавека на паверхню іншага нябеснага цела. 20 ліпеня 1969 года амерыканскія астранаўты Ніл Армстранг і Эдвін Олдрын пасадзілі касмічны карабель на паверхню Месяца.

За місіяй “Апалон-11”, у рамках якой адбылася гістарычная падзея, уважліва сачыў тагачасны Папа – Павел VI. Яшчэ 13 ліпеня – за тры дні да вылету экіпажа з касмічнага цэнтра імя Джона Кенэдзі ў Фларыдзе – ён выказаў захапленне чалавечым геніем, дзякуючы якому “фантастыка становіцца рэальнасцю”.

“Чалавек, Божае стварэнне, нават больш, чым таямнічы Месяц, раскрывае сябе ў цэнтры гэтага прадпрыемства. Ён паказвае сябе гігантам. Ён паказвае сябе боскім, але не сам па сабе, а ў сілу свайго пачатку і прызначэння. Пашана чалавеку, пашана яго годнасці, яго духу, яго жыццю!”, – казаў Папа падчас малітвы “Анёл Панскі”.

За некалькі гадзін да таго як астранаўты ступілі на паверхню Месяца Павел VI таксама сустракаўся з вернікамі на малітве. У сваёй медытацыі ён заклікаў разважаць аб значэнні падзеі, аб космасе, “які адкрываецца перад намі ў сваім маўклівым, таямнічым абліччы”.

“Паразважаем добра аб прагрэсе (…). Гэта праўда, што тэхніка звыш усялякіх межаў памнажае эфектыўнасць чалавека; але ці заўсёды гэта эфектыўнасць будзе яму на карысць?”, – спытаў Пантыфік і сам адказаў на гэта пытанне: “Усё залежыць ад сэрца чалавека”.

Аўдыенцыя Паўла VI для экіпажу касмічнай місіі «Апалон-11»

За пасадкай на Месяц сачылі мільёны людзей ва ўсім свеце. У гэты гістарычны дзень Павел VI знаходзіўся ў летняй рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў у Кастэль-Гандольфа. Пасля візіту ў папскую абсерваторыю ён сеў перад экранам тэлевізару і ўважліва назіраў за тым, што адбывалася ў тысячах кіламетраў над зямлёй. У пэўны момант Святы Айцец узняў рукі і благаславіў астранаўтаў.

Благаславіць даследчыкаў космасу асабіста Пантыфік меў магчымасць праз тры месяцы пасля заканчэння іх касмічнай місіі. 16 кастрычніка 1969 года Ніл Армстранг, Эдвін Олдрын і Майкл Колінз былі прыняты ім на аўдыенцыі ў Ватыкане. У якасці дару Пантыфіку яны прывезлі некалькі месячных камянёў і сцяг Ватыкана, які бралі з сабой у космас. Яны захоўваюцца сёння ў Ватыканскіх музеях. Павел VI, у сваю чаргу, падарыў астранаўтам керамічныя скульптуркі самых знакамітых пажарожнікаў у свеце – евангельскіх мудрацоў, якія былі сярод першых, хто прыйшоў пакланіцца Хрысту.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку