Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на нядзелю Святой Сям’і 2017

«Чалавек і яго жыццё аб’яўляюцца нам як адзін з найцудоўнейшых цудаў стварэння…» (Ян Павел ІІ, Evangelium vitae, 84)

Да духавенства, кансэкраваных асоб, вернікаў Касцёла і людзей добрай волі

Трываючы ў радасці святаў Божага Нараджэння, чарговы раз лучымся з вамі і яшчэ раз выказваем нашы святочныя пажаданні. Прыйсце ў свет Езуса Хрыста ў чалавечай постаці з’яўляецца найцудоўнейшым цудам стварэння, які дае пачатак новай гісторыі чалавецтва. Чарговы раз, перажываючы ў нашым жыцці гэтую падзею, заўважаем у ёй велізарны клопат і руплівасць Марыі і Юзафа, каб Дзіцятка, якое нарадзілася, было акружана пашанай і любоўю ад пачатку (г.зн. ад зачацця).

Сённяшняе свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа — з’яўляецца нагодай, каб падзякаваць Богу за ўсіх, хто абвяшчае Евангелле жыцця. Трэба належным чынам ацаніць усялякія дзеянні рухаў і асоб добрай волі, якія прагнуць забяспечыць абарону жыцця кожнага дзіцяці. Сярод шматлікіх ініцыятыў у справе святасці жыцця вылучаецца «Духоўнае ўсынаўленне», вельмі распаўсюджанае ў нашым Касцёле. Тут маем на ўвазе ўсіх тых, хто праз штодзённую малітву на працягу дзевяці месяцаў ахвяраваў свой час у інтэнцыі жыцця дзіцяці, якое знаходзіцца пад пагрозай пад сэрцам маці.

Ніхто не зможа палічыць, колькі тысяч, а, можа, і мільёнаў чалавечых істотаў выратавала ваша малітва.

Пасля дзевяці месяцаў малітвы і іншых ахвяраў шматлікім хрысціянам у Беларусі, якія ахвотна прынялі на сябе клопат «Духоўнага ўсынаўлення», прагнем выказаць нашу глыбокую пашану кожнаму ўдзельніку гэтай вялікай малітвы. Так шмат з вас, нягледзячы на перашкоды і іншыя абавязкі, не завагаліся стаць на баку жыцця.

Верым, што малітвы за яшчэ не народжаных дзяцей, нараджэнне якіх знаходзіцца пад пытаннем, прыносяць канкрэтны эфект. Верым, што клопат «Духоўнага ўсынаўлення» ў форме малітвы дадае адвагі і надзеі маці, што чакаюць патомства, асабліва тым бацькам, якія па розных прычынах вагаюцца, ці дазволіць іхняму дзіцяці прыйсці ў свет.

Чакаючы Новага 2018 года, які ўжо неўзабаве распачнецца, заахвочваем вас да адважнага сведчання сваёй чалавечай істоты праз падтрымку жыцця. Няхай новы год прынясе вам новыя сілы і новы энтузіязм у прыняцці адказнасці за цывілізацыю жыцця, абараняючы яго ад першых хвілінаў жыцця ажно да натуральнай смерці. Вера ў нараджэнне Езуса Хрыста няхай учыніць вас здольнымі браць на сябе важнае служэнне на карысць годнасці чалавечай асобы.

Няхай ва ўсіх гэтых стараннях і ініцыятывах спадарожнічае вам наша пастырскае благаслаўленне, якое вам ад усяго сэрца ўдзяляем.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Абп. Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Біскуп Юзаф Станеўскі
Генеральны сакратар ККББ

Гэтае паведамленне трэба прачытаць ва ўсіх святынях Беларусі ў свята Святой Сям’і, 31 снежня 2017 г.

catholic.by

для друку для друку