Пастырскае пасланне біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча на Вялікі пост

Паважаныя святары, шаноўныя браты і сёстры ў манастве, дарагія вернікі!

На пытанне вучняў Яна Хрысціцеля адносна посту Езус адказаў: “Ці могуць быць у жалобе госці на вяселлі, пакуль з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць” (Мц 9, 15). Уваходзячы ў перыяд разважанняў пра Пасхальныя таямніцы жыцця Езуса Хрыста, у той час, калі стаўся “забраны ад іх жаніх”, мы распачалі саракадзённы Пост. На самым яго пачатку мы пачулі словы Хрыста: “Кайцеся і верце ў Евангелле!” Крыху раней, перад згаданымі словамі ў Евангеллі, Езус дае гэтаму матывацыю: “Споўніўся час, і наблізілася Божае Валадарства”(Мк1,15).

Якая сувязь існуе паміж постам і тым, што Езус называе Сваім Валадарствам? Прыгадаем сабе, чым яно ўвогуле ёсць. У літургічнай малітве на Урачыстасць Хрыста Валадара знаходзім наступнае тлумачэнне гэтага паняцця: “Валадарства Божае – гэта валадарства праўды і жыцця, валадарства святасці і ласкі, валадарства справядлівасці, любові і супакою”. І гэта тое, з чым прыходзіць Бог да чалавека. Мы таксама, напэўна, не былі б супраць апынуцца ў такой рэчаіснасці, дзе няма падману, нянавісці, здрады, подласці, злоўжывання ці зняволення. Разам з тым, гледзячы на тое, што сёння адбываецца ў свеце і ў нашым асяроддзі, мы добра разумеем, як далёка яшчэ да таго, каб Божае Валадарства на гэтай зямлі стала рэчаіснасцю. Хутчэй, сёння гэта можа выглядаць як утопія, чым як штосьці магчымае да ажыццяўлення. Аднак калі мы прыгадаем сабе яшчэ адну якасць Божага Валадарства, пра якую кажа Хрыстос, а менавіта, што яно “Не прыйдзе… заўважальна, і не скажуць: Вось тут”, або: “Там”. Бо Валадарства Божае ёсць унутры вас” (Лк 17, 20-21), то яго перспектыва ў дачыненні да асобнага чалавека не выглядае ўжо такой безнадзейнай.

Так, гэта нялёгка – быць сёння носьбітам хрысціянскіх каштоўнасцей у свеце, які настаўлены да іх непрыязна, калі не сказаць, варожа. Таму першае, чаму павінен паспрыяць час Вялікага Посту, гэта абудзіць і ўмацаваць нашу матывацыю БЫЦЬ Хрысціянінам! Нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, будаваць Божае Валадарства ў сваім сэрцы. Тады яно, як той агонь, будзе асвячаць усё навокал, саграваць і запальваць сабой іншых. Пра гэта кажа нам Езус у Евангеллі: “Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся!” (Лк 12,49). Разгарэўся ў душы паасобнага чалавека.

Сапраўдную ж матывацыю нашай веры можа даць толькі асабістае спатканне з Хрыстом. Таму асаблівую вагу ў часе посту набывае малітва, якая павінна стаць перадусім услухоўваннем у словы Хрыста, якія Ён пакінуў нам у Святым Пісанні. Прапаную вам, дарагія браты і сёстры, каб ужо нават сёння, вярнуўшыся дадому, яшчэ раз зазірнуць у Біблійны тэкст. Няхай ён будзе вельмі кароткі, але было б вельмі добра, калі б гэта ўвайшло нават ў звычку і стала нашай штодзённай патрэбай.

Пачуць і зразумець Божае Слова сваім сэрцам можна тады, калі яно чыстае і супакоенае. Таму Касцёл у клопаце пра духоўнае дабро сваіх дзяцей загадвае ў гэты час скарыстацца Сакрамантам Паяднання і пазбягаць гучных забаў. Апошняе, калі далучыць да гэтага яшчэ абмежаванне ў карыстанні інтэрнэтам і тэлевізарам, можа стаць вельмі дзейсным лекам ад сучаснай хваробы недахопу часу, вызваляючы яго такім чынам для асабістых духоўных спраў і для нашых бліжніх.

Напэўна, няма патрэбы казаць, што ўсё гэта не будзе давацца нам лёгка, бо гэта духоўная барацьба, якая вымагае самаадрачэння. Аднак мы павінны быць у ёй пераможцамі. Прыклад таму дае нам сёння сам Езус Хрыстус, дазваляючы, каб і Яго спакушаў злы дух. Так як кожнага з нас, той выпрабоўвае Езуса на прагавітасць цела, духу і ганарыстасць, і за кожным разам атрымлівае паразу. Хрыстус адкідае яго прапановы, паказваючы нам шлях, які вядзе да перамогі. Так на прапанову падпарадкаваць усё заспакаенню выключна зямных, цялесных патрэбаў мы павінны памятаць пра існаванне вышэйшых, духоўных каштоўнасцей, ад якіх у першую чаргу залежыць жыццё чалавека як асобы. На прапанову зрабіць Бога сваім слугою і карыстацца Яго моцай у рэалізацыі сваіх планаў мы павінны памятаць, адкуль мы і хто мы для Яго і Ён для нас. На прапанову замяніць Божы аўтарытэт на нейкі іншы коштам багацця і ўлады, мы павінны памятаць, што ёсць Адзіны годны пакланення і праслаўлення, да Якога належаць гонар і ўзнагарода за вернае служэнне, Той, Каго называем нашым Нябесным Айцом.

Разважаючы пра спакусы злога духа, варта памятаць, што ў яго ёсць падступны “саюзнік”, які хаваецца ў нашай сапсаванай натуры. Гэта наступствы першароднага граху – слабасць і няздольнасць нашай волі быць заўсёды паслухмянай Богу і Яго загадам. Гэта тое, пра што кажа Апостал народаў у пасланні да Рымлянаў: “Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю… Паводле духоўнага чалавека знаходжу задавальненне ў Законе Божым, але ў маіх членах бачу іншы закон, што змагаецца з законам майго розуму і робіць мяне нявольнікам закону граху, які ў маіх членах” (Рым 7, 19-23). Менавіта пост з’яўляецца тым сродкам, які абяззбройвае гэтага “саюзніка”, дазваляючы нам лягчэй захоўваць Божае права і быць мацнейшымі ў выпрабаваннях спакусамі, паводле прынцыпу: “…моц удасканальваецца ў слабасці” (2 Кар 12,9). Наколькі моцны павінен быў быць дух прарокаў і самога Езуса Хрыста, Якія на працягу сарака дзён і начэй абыходзіліся без ежы і піцця! Канешне ж, нашае ўстрыманне не павінна быць нагодай да спрэчак, непаразуменняў і разладу, «і каб біць грэшным кулаком. Не пасціце так, … каб быў чутны ваш голас на вышынях» (Іс 58, 4). Таму ў першую чаргу мы мусім памятаць пра той пост, якога перадусім чакае ад нас Нябесны Айцец: “…разарваць кайданы беззаконня, развязаць путы ярма, адпусціць на свабоду прыгнечаных і разбіць усялякае ярмо. Ці ж гэта не тое, каб дзяліцца з галодным хлебам сваім, пускаць у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, каб апрануць яго і ад роднага свайго не хавацца?» (Іс 58, 6-7).

Слухаючы гэтыя словы Прарока Ісаі, мы не можам застацца абыякавымі да патрэбаў тых, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і не дае сабе рады. Заўсёды можам знайсці нагоду падзяліцца хлебам з галодным, вопраткай з тым, хто не мае адзення, і ахвяраваць свой час таму, хто проста патрабуе, каб яго выслухалі. Гэтыя простыя рэчы, якія вынікаюць з нашай веры, становяцца лекамі для нашага грамадства, усё больш хворага на эгаізм, самотнасць і страту сэнсу жыцця.

Да практыкі гэтых трох дабрадзейнасцяў – малітвы, міласціны і посту – заахвочвае нас сёння і Папа Францішак, каб супрацьпаставіць іх сучасным хваробам свету, сярод якіх галоўным называе “заледзянелае сэрца” і “астывальную любоў”. Таксама Святы Айцец перасцерагае перад сучаснымі ілжывымі прарокамі, якіх параўноўвае з “заклінальнікамі змей”, што выкарыстоўваюць чалавечыя эмоцыі, каб зняволіць чалавека. Іншыя, каторых называе “шарлатанамі”, “якія прапануюць лёгкі і хуткі спосаб вызваліцца ад пакутаў: наркотыкі, “аднаразовыя адносіны”, лёгкі, але несправядлівы заробак, павуцінне віртуальнага жыцця. “Гэтыя ашуканцы, якія прапануюць бязвартасныя рэчы, крадуць самае каштоўнае: чалавечую годнасць, свабоду і здольнасць любіць” (Паводле Ватыканскага радыё).

Занепакоены шматлікімі ваеннымі канфліктамі у свеце на розных кантынентах, Папа звяртаецца з просьбай да ўсіх вернікаў і людзей добрай волі прыняць удзел у асаблівым дні малітваў і посту ў інтэнцыі міру. Гэтым днём павінна стаць пятніца першага тыдня Вялікага Посту – 23 лютага. Заахвочваю вас, дарагія браты і сёстры, далучыцца да гэтага духоўнага змагання і ахвяраваць свае малітвы і пост у згаданы дзень згодна з інтэнцыяй Папы Францішка. Таксама Наступнік Святога Пятра прапанаваў правесці сусветнае малітоўнае чуванне “24 гадзіны для Пана” ў тых касцёлах, дзе гэта магчыма, 9-10 сакавіка. Няхай сумесная малітва Паўсюднага Касцёла дапаможа ва ўсталяванні супакою на нашай планеце!

Напрыканцы перадаю вам, дарагія дыяцэзіяне, прывітанне ад Святога Айца, спатканне з якім адбылося ў межах нядаўняй  візітацыі біскупаў Беларусі “Ad limina”. Разам з яго абяцаннем памяці ў малітве і Апостальскім бласлаўленнем, якога са шчырым сэрцам на гэты час Вялікага Посту вам удзяляю, даручаючы апецы і заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі-Валадаркі азёраў і нашых сэрцаў:

У Імя + Айца, + і Сына, + і Духа Святога. Амэн.

+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Віцебск, 15 лютага 2018 г.

для друку для друку