Пастырскае пасланне біскупа Віцебскага Алега Буткевіча на Вялікі пост

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

Традыцыйным абрадам пасыпання нашых галоў попелам у мінулую сераду, мы распачалі саракадзённы Вялікі пост — час падрыхтоўкі да святкавання Пасхальнай Таямніцы нашага Збаўцы Езуса Хрыста — Яго перамогі над грахом і смерцю. Таямніцы, да ўдзелу ў якой пакліканы кожны з нас, каб ахвяруючы сябе разам з Хрыстом, мы маглі мець удзел і ў Яго Ўваскрасенні.

Сорак дзён — гэта сімвалічны час пакутнага жыцця на зямлі, патрэбны да спаўнення благаслаўлёнай надзеі, які нагадвае нам перыяд блукання Габрэйскага народа па пустыні перад уваходам у Абяцаную зямлю, крыху раней — час посту Маісея на гары Сінай, падчас якога ён атрымаў каменныя скрыжалі з Божымі запаведзямі.

Саракадзённым быў пост Нінівіцянаў — папярэджаныя прарокам Ёнай уратаваліся яны такім чынам ад пагражаўшага ім Божага гневу. Нарэшце пост Езуса Хрыста у пустыні перад часам Яго публічнага навучання. Сорак дзён трывала і суцяшэнне Апосталаў прысутнасцю Уваскрослага да Яго Унебаўшэсця, каб яшчэ праз кароткі час атрымаць з вышыні моц Святога Духа і стацца Касцёлам- уратаванай Абранніцай Найвышэйшага. Як бачым пост — гэта сродак, які дае чалавеку Бог каб змяніць сваё жыццё, атрымаць прабачэнне і быць здольным адкідваць усялякае зло і выбіраць дабро.

Зло з’яўляецца злом таму, што гэта забойства Нявіннага Хрыста ў сабе ці другім чалавеку! “Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і праслаўляем Цябе, бо праз Крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты!”. Час Вялікага посту — гэта час нашага вяртання да Бога, адзінага ў Тройцы: Айца, і Сына, і Духа Святога. Вяртання да адраджэння, якое здзейснілася праз ваду і Духа Святога ў Хросце і Канфірмацыі. Праз зварот ў памяці да збаўчай пакуты Хрыста і далучэнне да Яе праз учынкі міласэрнасці, акты пакуты і малітву Дух Ахвярнай і Прабачаючай Любові Божага Сына перамяняе нашае зямное жыццё ў Эўхарыстыю і знак падзякі, у новую песню Хвалы для нашага Нябеснага Айца!

Першым крокам гэтага вяртання з’яўляецца міласціна, гэта азначае прабачэнне і дапамога тым братам і сёстрам, з якімі жывем і сустракаемся на штодзень, і якія таго прабачэння і дапамогі ад нас патрабуюць так, як і, нярэдка, мы ад іх. Прабачыць і дапамагчы — гэта азначае не столькі падзяліцца тым, што маем, ці умеем, але перадусім адказаць згодай на адвечны пошук чалавекам чалавека — ахвяраваць свой час, сваю увагу, праявіць спагаду і зычлівасць. Галоўнае, не стацца сляпым, як той багацей, побач з домам якога ляжаў бедны Лазар, а той не знайшоў у сабе акрушыну добрай волі, каб заўважыць абяздоленага і яму дапамагчы.

У сваім пасланні на Вялікі пост Папа Францішак піша: “Лазар вучыць нас, што другая асоба з’яўляецца дарам. Уласцівыя адносіны паміж людзьмі будуюцца на прызнанні, з удзячнасцю, іх каштоўнасці. Таксама убогі пры браме багача не з’яўляўся ірытуючай перашкодай, але заклікам да пакуты і перамены свайго жыцця.

Першым заахвочваннем, якое скіроўвае гэтая прыпавесць — гэта заклік, каб адчыніць дзверы нашага сэрца для другой асобы, бо кожны чалавек з’яўляецца дарам, ці хтосьці нам блізкі, ці незнаёмы бядняк. Вялікі пост з’яўляецца спрыяльным часам, каб адчыніць дзверы кожнаму, хто знаходзіцца ў патрэбе і распазнаць у ім , або ў ёй, аблічча Хрыста”. Гэтыя словы яшчэ раз падкрэсліваюць думку Святога Пісання аб тым, што нельга любіць Бога, якога не бачым, калі не любім тых, каго бачым. “Усё, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, вы Мне зрабілі”. (Мц 25, 40б).

Другім крокам нашага навяртання да святасці з’яўляецца малітва. Тая супольная, як Эўхарыстыя, Крыжовы шлях, Песні жальбы, малітва ў розных парафіяльных колах ці манаскіх супольнасцях, так і асабістая, калі молімся разважаючы над Словам Божым, або перажываючы перад Абліччам Пана, у Яго прысутнасці цяжкі час стомленасці, хваробы, старасці, унутранага змагання, грахоў…, слёзаў, або радасці. Усё гэтае, так як і нашае жыццё павінна быць малітвай, трываннем у самоце перад Богам, са шчырым і пакорлівым сэрцам.

Дзейсным сродкам на шляху да паяднання з людзьмі і Богам, які аднаўляе, суцяшае і узмацняе і нават адорвае здароўем, ёсць святая Споведзь. Да прыняцця гэтага Сакраманта заахвочвае, а нават абавязвае нас Касцёл асабліва ў часе Вялікага посту. Здараецца, што ў гэтым пытанні ўзнікае часовая аб’ектыўная перашкода, аднак і ў гэтым выпадку трэба памятаць на словы Апостала Яна, які кажа: “…калі нашае сэрца асуджае нас, Бог ёсць большы за нашае сэрца…” (1Ян 3,20).

Нарэшце трэці крок, непасрэдна пост. Ён павінен заўсёды ісці разам з міласцінай і малітвай, бо без іх вельмі хутка пераўтворыцца ў самалюбны эгаізм, засяроджваючы на самім сабе і становячыся банальнай дыетай. Пост павінен датычыцца не толькі ежы і піцця, якія падтрымліваюць наш фізічны стан, але ўсяго, што мы “спажываем”, набываем, выкарыстоўваем, чаго прагнем і да чаго імкнемся… Тады ён дапаможа нам быць больш стрыманымі ў заспакойванні нашых жаданняў, у апанаванні прагавітасці і пажадлівасці.

Практыкуючы пост, лягчэй пазбыцца дрэнных звычак, і набываючы большую свабоду наблізіцца да поўні чалавечнасці. Тым, хто нас па-сапраўднаму атуляе апекай і заспакойвае ўсе нашыя патрэбы і прагненні становіцца Бог. Разуменне гэтай праўды дазваляе адчуваць сябе па-сапраўднаму ў Яго бацькоўскіх руках і наноў адкрываць сваю годнасць — годнасць дзіцяці Божага, здольнага любіць, гэта значыць, прымаць сябе, і бліжняга, як самога сябе. У гэтай любові, падараванай Богам і ачышчанай пакаяннем і устрыманнем знаходзім сапраўдную радасць і супакой, якія толькі можна дасягнуць у гэтым свеце.

Шлях да Бога, да збаўлення заўсёды ляжыць праз выпрабаванні. Аб гэтым нагадвае нам і сённяшні фрагмент Евангелля, які распавядае пра спакушэнні, якія перажываў на пустыні Божы Сын. Езус перамагае іх цвёрда ведаючы хто Ён, дзеля чаго прыйшоў і каму служыць. Няхай жа і нам спадарожнічае ў гэтым часе свядомасць, што абраўшы аднойчы шлях веры, мы стаім на вернай дарозе, па якой прайшлі так вялікія шэрагі нашых продкаў, якія не імкнуліся захаваць свайго жыцця на зямлі, а сёння аглядаюць ужо Бога тварам у твар, яснеючы Яго Хвалой.

На гэтай дарозе побач з намі заўсёды крочыць Божая Маці, якая сто год таму ў Фаціме тлумачыла тром маленькім партугальскім пастушкам, што малітва, пакаянне і навяртанне — гэта шлях не толькі да асабістага збаўлення, але і выратавання гэтага свету ад знішчэння. Няхай нашыя сэрцы будуць адкрытыя на гэты, актуальны па сённяшні дзень, заклік Божай Маці, а Яе заступніцтва дапаможа нам вытрываць на дарозе пошуку Пана і паяднання з Ім.

Жадаю Вам, дарагія браты і сёстры адвагі і мужнасці на гэты час Вялікапоснага духоўнага змагання! Давяраю Вас, заступніцтву Багародзіцы і Святога Язафата, і ўдзяляю Вам пастырскае благаслаўленне: у Імя Айца, + і Сына, + і Духа Святога!

+Алег Буткевіч
біскуп Віцебскі

(Гэтае пасланне неабходна прачытаць у парафіяльных супольнасцях Віцебскай дыяцэзіі ў І Нядзелю Вялікага посту).

для друку для друку