Пастырскае пасланне біскупа Алега Буткевіча з нагоды Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці

logoШаноўныя святары,
паважаныя браты і сёстры манаскіх супольнасцяў,
дарагія вернікі нашай Віцебскай дыяцэзіі,
Ласка, Міласэрнасць і Спакой Вам!

Звяртаюся да Вас з маім пастырскім словам з нагоды Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці, які распачынаецца 8 снежня 2015 года ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Вы ўжо чулі і далей будзеце атрымліваць інфармацыю пра святкаванне гэтага Святога Года ў Касцёле ва ўсім свеце і ў нашай дыяцэзіі.  Таму сваім словам хачу звярнуць вашу ўвагу на духоўнае, унутранае значэнне і каштоўнасць гэтага асаблівага часу. Бо знешняе і фармальнае святкаванне без той унутранай, духоўнай адкрытасці не можа прынесці багатага плёну.

Катэдральны касцёл у Віцебску — сэрца нашай дыяцэзіі носіць імя Езуса Міласэрнага, які з’яўляецца Абліччам Міласэрнага Айца. Па волі Папы Францішка, “motto” альбо галоўнай думкай святкавання Юбілейнага Года з’яўляюцца словы “Міласэрныя як Айцец”. Наша дыяцэзіяльная супольнасць, Каталіцкі Касцёл нашай вельмі маладой Віцебскай дыяцэзіі — гэта дар міласэрнай любові Пана не толькі для нас, але для ўсіх людзей, якія жывуць на беларускай зямлі, і для ўсяго свету. Езус Міласэрны з’яўляецца Збаўцам усіх людзей на свеце. Наша краіна і мы ў ёй — разам з усім светам ствараем адно цэлае на нашай адзінай планеце Зямля. Разумець гэта — значыць мець па-каталіцку адкрытае сэрца на Бога Любові – Творцу Сусвету, што ў сваю чаргу дазваляе нам прыняць ласку міласэрнасці і стацца Божым дарам для іншых — сведкамі міласэрнасці для людзей, якія яе патрабуюць, асабліва там, дзе гэтай міласэрнасці не ведаюць.

 Міласэрнасць з’яўляецца вялікай Таямніцай Веры, якую мы цэлебруем і якой жывем асаблівым чынам у кожнай Эўхарыстыі, ці то ў буднія дні, ці ў святы. Менавіта яна з’яўляецца крыніцай і пазнаннем міласэрнасці, сапраўднага Перапрашэння за грахі, якога свет не ведае. У Эўхарыстыі мы становімся адным цэлым з Міласэрным, і такім чынам яго пазнаем і ведаем, кормімся Ім, знаходзячы ў Ім моц Міласэрнай Любові! Мы здзяйсняем Эўхарыстыю на Ягоны ўспамін! На ўспамін Яго мукі, смерці і ўваскрасення. Гэта Ён, Святар Укрыжаваны і Ўваскрослы з’яўляецца Міласэрнасцю! У Ім, Святару Ўкрыжаваным і Ўваскрослым, Бог аб’яўляецца нам як Айцец Міласэрнасці, Які аказвае сваю любоў усім людзям, таксама тым, якіх ніхто не любіць – грэшнікам і ворагам. І гэта ёсць Святло па-над усялякае святло, без якога  свет пагружаецца ў цемру. Без гэтага Святла і моцы прабачэння, якое вядзе да паяднання з Айцом – немагчыма прабачэнне і паяднанне паміж людзьмі. Таму ў свеце, які Яго не ведае, пануе варожасць і моц гвалту, нягледзячы на ўсялякія ідэалагічныя дэкларацыі аб правах чалавека. У свеце, да якога мы з вамі належым, чалавека прыніжаюць і выкарыстоўваюць  пачынаючы ад мацярынскага ўлоння і заканчваючы старасцю. А рэвалюцыйна-ваенныя спробы вырашэння існуючых людскіх канфліктаў ператвараюцца ў звычайнае злачыннае размеркаванне маёмасці.

Галоўны загад, які датычыць святкавання Юбілейнага года, і вынікае з Божага слова можам акрэсліць фрагментам з кнігі Левіта (25, 17) : “ Не будзеце крыўдзіць адзін аднаго”. Тут мова ідзе перад усім пра вызваленне ад даўгоў і вяртанні нявольнікаў да сваёй уласнасці і свайго роду. Паспрабуем аднесці гэтыя Словы пра крыўду і вызваленне да нашай рэчаіснасці, той у якой жывем. Вялікая колькасць зняволенняў і крыўды часта паралізуе нашае штодзённае жыццё, і таму яно чакае на вызваленне, і перад усім на вызваленне ад граху – гэтай атручанай крыніцы ўсялякай крыўды і  несправядлівасці. “Калі Сын вас вызваліць, тады сапраўды будзеце вольныя” (Ян 8, 36). Таму вернемся – як заахвочвае нас да гэтага Папа Францішак у сваёй буле “Misericordiaе Vultus” – і наноў адкрыем для сябе ўчынкі міласэрнасці. Тыя, паводле цела: накарміць галодных, напаіць сасмаглых, адзець нагіх, прыняць у дом падарожных, адведаць хворых, суцешыць вязняў, пахаваць памерлых. І тыя, паводле духа: настаўляць грэшнікаў, вучыць тых, хто не ведае, радзіць тым, хто сумняваецца, суцяшаць засмучаных, цярпліва зносіць знявагу, ахвотна дараваць крыўду, маліцца за жывых і памерлых. Каб такім чынам Эўхарыстыя, Літургія Вялікай Таямніцы Міласэрнасці, станавілася нашым штодзённым жыццём, а штодзённае жыццё знаходзіла сваё найвышэйшае спаўненне ў Эўхарыстыі. У тым заключана святарская служба ўсіх ахрышчаных — Cвятарства Хросту.

Асаблівым знакам перажывання Года Міласэрнасці з’яўляецца ўстанаўленне ў лакальных касцёлах Брамаў Міласэрнасці і пілігрымаванне да іх. У вышэй узгаданай буле Папа Францішак між іншым кажа: “Пілігрымка — гэта асаблівы знак у Святым Годзе, бо з’яўляецца іконай дарогі, якую кожная асоба адольвае за час свайго існавання. Жыццё — гэта пілігрымка, а людская істота — гэта viator, пілігрым, які пераадольвае дарогу ажно да дасягнення вызначанай мэты. Таксама дзеля таго, каб дабрацца да Брамы Міласэрнасці (у Рыме і ў кожным іншым месцы), нам неабходна будзе пайсці ў пілігрымку, кожны па меры сваіх магчымасцяў. Такім чынам яна станецца знакам таго, што Міласэрнасць з’яўляецца мэтай, якую неабходна дасягнуць праз асабісты ўдзел і пасвячэнне. Таму пілігрымка няхай стане штуршком да навяртання: перакрочваючы праз Браму Міласэрнасці дазволім Божай міласэрнасці ахінуць нас і паспрабуем быць міласэрнымі для іншых, як Айцец (Нябесны) міласэрны да нас”. Пры гэтым Папа Францішак зазначае, што для людзей хворых, састарэлых і самотных, якія не змогуць адбыць пілігрымкі, магчымасць атрымання адпусту існуе, калі “з верай і радаснай надзеяй будуць перажываць той момант выпрабавання, праз прыняцце Святой Камуніі, або ўдзел у святой Імшы і ў супольнай малітве, таксама дзякуючы розным сродкам пераказу” (Ліст у справе адпустаў на Год Міласэрнасці). Таксама, такая магчымасць існуе і для вязняў: “у турэмных капліцах будуць яны мець магчымасць атрымаць адпуст, а калі будуць прахадзіць праз дзверы сваёй камеры, кіруючы думкі і малітву да Айца, няхай за кожным разам гэты жэст азначае для іх пераход праз Браму Міласэрнасці, бо Божая міласэрнасць здольная перамяняць сэрцы, можа таксама ператварыць краты ў досвед вольнасці” (Ліст у справе адпустаў на Год Міласэрнасці). У нашай дыяцэзіі Брамамі Міласэрнасці стануць дзверы Катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску і касцёла Нараджэння Маці Божай у Браславе. Адкрыццё іх адбудзецца 13 снежня 2015 года.

Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці – Святы Год – распачынаем ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.  Для нас гэта сапраўдны знак з Неба, бо Марыя з’яўляецца дарам Неба, дарам для ўсёй Зямлі. Яна – уцелаўленне вялікага Божага абяцання, што ўсе мы будзем чыстыя і беззаганныя ў любові перад абліччам Пана ў Яго духоўным доме, якім з’яўляецца Касцёл.  Гэта Супольнасць ужо народжаная і якая яшчэ нараджаецца “праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце” у Яго святой Літургіі на зямлі і ў Небе. Разам з суседняй з намі Вострай Брамай і мы ўшаноўваем Марыю, Беззаганную Валадарку Азёраў, як Маці Міласэрнасці ў нашым дыяцэзіяльным санктуарыі ў Браславе. Ніхто не можа лепш дапамагчы ў дарозе да Бога так, як маці, бо ад маці дзеці атрымліваюць у спадчыну і нясуць праз усё жыццё яе веру, надзею і любоў. Так сама Вера, Надзея і Любоў, якія жывуць у супольнасці Касцёла, з’яўляюцца дарам, які выпрасіла для Яго Беззаганная  Багародзіца, і аб захаванні якога ў супольнасці Яе Сына, Яна няспынна клапоціцца. Паспрабуйма ў часе гэтага Святога Года аднавіць і паглыбіць нашу сувязь з Беззаганнай у супольнасці Касцёла, а атрымаўшы праз яе заступніцтва Ласку, Міласэрнасць і Спакой змаглі падзяліцца гэтымі дарамі з тымі, каго сустрэнем на нашай дарозе жыцця.

Юбілей — гэта час ласкі. Да жыцця ў яе поўні Касцёл чыніць здольным прысутнасць Святога Духа. Менавіта Ён з’яўляецца крыніцай сапраўднай радасці, якая павінна спадарожнічаць жыццю паводле веры. І толькі тады, калі наша вера ў Божую Міласэрнасць будзе глыбокай, яна будзе здольнай уратаваць сучасны свет і падараваць яму надзею. На гэтую працу юбілейных духоўных змаганняў і перамену сэрцаў благаслаўляю ўсім супольна і кожнаму паасобна: + у Імя Айца, і Сына, і Духа Святога.

 Адданы Вам у Пану біскуп Віцебскі
+ Алег Буткевіч

Віцебск, 03 снежня 2015г.
Р.S. Ліст павінен быць прачытаны ў бліжэйшую нядзелю ў кожнай парафіі Віцебскай дыяцэзіі.

для друку для друку