Пастар Уладзімір Татарнікаў: «Экуменізм – гэта не нейкі лозунг, а перадусім сумесная праца, малітва і служэнне»

Тыдні малітваў аб еднасці хрысціян дапамагаюць пашырыць адносіны паміж вернікамі розных канфесій. Мы больш даведваемся адзін пра аднаго, пачынаем разумець, што не трэба баяцца бліжняга, а наадварот – неабходна чуць і разумець іншага, вучыцца нечаму ў яго», — такую думку выказаў Уладзімір Татарнікаў, пастар лютэранскай кірхі ў Гродне, з нагоды Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян.

«Праз сумесную малітву мы ўсведамляем, што дзякуючы прынятаму сакраманту хросту з’яўляемся братамі і сёстрамі ў Хрысце», — адзначыў пастар.

«Падобна як і ў кожнай сям’і не бывае ўсё гладка, так і сярод хрысціянскіх канфесій існуюць дагматычныя разыходжанні. Сёння створаны шматлікія багаслоўскія, міжцаркоўныя камісіі, мэтай якіх з’яўляецца пошук шляхоў вырашэння розных пытанняў, што ўзнікаюць паміж хрысціянскімі канфесіямі. Але для нас саміх нашмат важней маліцца ў сваіх супольнасцях адзін з адным і адзін за аднаго, просячы Бога паказаць шлях вырашэння рознагалоссяў, каб шукаць і знаходзіць тое, што нас аб’ядноўвае, а не раз’ядноўвае», — дадаў лідар гродзенскіх лютэран.

Па словах пастара, «цешыць той факт, што з боку хрысціянскіх канфесій ужо робяцца канкрэтныя сумесныя крокі ў гэтым накірунку»: «гэта супольная сацыяльная праца (дыяканія), дапамога людзям у патрэбе, малітва, міжканфесійныя сустрэчы».

«Вельмі важна мець кантакт адзін з адным, бо ўзаемныя стасункі маюць вялікае значэнне: ухіляючыся ад дыялогу, нельга вырашыць ніводнай праблемы. Варта не забывацца, што экуменізм – гэта не нейкі лозунг, а перадусім сумесная праца, малітва і служэнне», — звярнуў увагу пастар Уладзімір Татарнікаў.

grodnensis.by

для друку для друку