Пасол Ватыкана ў Гомелі правядзе Імшу і наведае абед для бяздомных

Таксама Апостальскі нунцый наведае “Дзіцячую вёску”.

1-2 чэрвеня з візітам у Гомель упершыню прыедзе Апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр – па запрашэнні пробашча рымска-каталіцкай парафіі Нараджэння Маці Божай і Неакатэхуменальных суполак. Галоўнай падзеяй візіту высокага госця стане святая Імша. У суботу ўвечары арцыбіскуп Габар Пінтэр адслужыць Эўхарыстыю для Неакатэхуменальнага суполак, а ў нядзелю ў 9 гадзін раніцы здзейсніць святую Імшу для ўсёй парафіі Нараджэння Маці Божай у касцёле па вул. Савецкай, 118.

Таксама прадстаўнік Папы Рымскага наведае “Дзіцячую вёску” (інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця). Там ён сустрэнецца з выхаванцамі ўстановы, з кіраўніком абласнога Камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, з супрацоўнікамі БКМ “Карытас-Міласэрнасць” і сёстрамі Бэнэдыктынкамі-Самарыцянкамі Крыжа Хрыстова, якія служаць для выхаванцаў інтэрната, адміністрацыяй Дзіцячай вёскі, азнаёміцца ​​з ходам будаўніцтва новага Інтаграцыйнага тэрапеўтычна-адукацыйнага цэнтра.

У той жа дзень пасла Ватыкана чакаюць у “Доме міласэрнасці” сясцёр Маці Тэрэзы, дзе ён прыме ўдзел у абедзе для бедных і бяздомных. Назаўтра госць наведае месца будаўніцтва новага каталіцкага храма – Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Апостальскі нунцый – пастаянны дыпламатычны прадстаўнік Папы Рымскага ў дзяржавах, з якімі Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны. Нагадаем, апошні раз Апостальскі нунцый, на той час арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, наведваў Гомель у 2013 годзе.

Монсіньёр Габар Пінтэр (Gábor Pintér) нарадзіўся 9 сакавіка 1964 г. у Венгрыі. Святарскае пасвячэнне прыняў 11 чэрвеня 1988 г.; з’яўляецца прэзьбітарам дыяцэзіі Ваца (Венгрыя). Знаходзіцца на дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы з 1 ліпеня 1996 г.; працаваў у Гаіці, Балівіі, Скандынавіі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі. Валодае венгерскай, нямецкай, італьянскай, ангельскай, французскай, іспанскай, крэольскай, шведскай і рускай мовамі. Да прызначэння Апостальскім нунцыем у Беларусі займаў пасаду дарадцы Апостальскай нунцыятуры ў Аўстрыі.

Katolik.life

для друку для друку