Пасланне Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь Арцыбіскупа Габара Пінтэра з нагоды 420-годдзя падпісання Брэсцкай уніі

gabor_pinterДарагія браты і сёстры ў Хрысце!

Набліжаеца да завяршэння Юбілейны год Божай Міласэрнасці. Кожны католік павінен задумацца над тым, як выкарыстаць ласку Юбілею, як развівацца на шляху жывой веры, трывалай надзеі і дзейснай любові, як ў сённяшнім свеце быць верагодным і нястомным сведкам Хрыста Пераможцы, які жыве ў адзіным, святым, каталіцкім і апостальскім Касцёле.

На працягу гэтага года грэка-каталіцкія супольнасці ў Беларусі з крэатыўнай адвагай крочылі шляхамі Надзвычайнага Юбілею Божай Міласэрнасці. Натхнёныя ўчынкамі міласэрнасці яны рэалізавалі багатую на падзеі пастаральную праграму. Гэтая праграма рэалізавалася ў кантэксце радаснага вызнавання веры: «Веру ў адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл».

Гэтыя словы Сімвалу Веры з’яўляюцца асабліва актуальнымі ў дні, калі грэка- каталіцкія вернікі Беларусі перажываюць чарговую гадавіну падпісання Брэсцкай уніі. Сінод, які праходзіў з 16 па 18 кастрычніка 1596 года, прычыніўся да аднаўлення поўнай еднасці розных касцёльных супольнасцей гэтай зямлі з Апостальскім Пасадам у Рыме, заахвочваючы вернікаў да ўзрастання ў веры, надзеі і любові ў той складаны перыяд.

Брэсцкая унія прывяла да ўмацавання духоўнага і культурнага абмену паміж хрысціянамі з Усходу і іх братамі на Захадзе, што ў сваю чаргу прычынілася да росквіту культуры, выхавання і архітэктуры. Да сённяшняга дня сведкамі гэтай падзеі з’яўляюцца некаторыя святыні і шматлікія іконы напісаныя ў перыяд пасля падпісання Уніі. Гэта каштоўная духоўная спадчына ў гісторыі Касцёла ў Беларусі.

Сёння, 420 год пасля падпісання Брэсцкай уніі, мы маем магчымасць нанова адкрыць для сябе гэтае духоўнае і кулътурнае багацце нашай прыналежнасці да адзінага, святога, каталіцкага і апостальскага Касцёла, усведамляючы сабе адказнасць быць сведкамі Евангелля любові для кожнага чалавека.

У гэтыя ўрачыстыя дні, дзякуючы Богу за Яго бязмежную любоў, заклікаю да малітвы аб будаванні еднасці паміж хрысціянамі так, як гэтага прагне наш Пан.
Даручаю ўсіх вас Марыі — Маці Адзінага Касцёла і ад шчырага сэрца благаслаўляю.

Мінск, 16 кастрычніка 2016 г.

+ Габар Пінтэр, Арцыбіскуп
Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь

Паводле svjazep.org

 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі