Пасяджэнне біскупаў Італіі з удзелам Мітрапаліта Кандрусевіча: увага да прысутнасці і эфектыўнасці мас-медыя ў Касцёле

З 21 па 24 мая ў Рыме прайшло 71-е пленарнае пасяджэнне Італьянскай біскупскай канферэнцыі (ІБК), у якім прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Галоўнай тэмай пасяджэння, акрамя бягучых спраў, былі касцёльныя медыя.

У адкрыцці пасяджэння 21 мая ўдзельнічаў папа Францішак, які звярнуўся да сабраных з кароткім уводным словам. У ім Пантыфік звярнуў увагу на прыярытэты Касцёла ў Італіі. Святы Айцец адзначыў, у прыватнасці, спад колькасці пакліканняў у некаторых дыяцэзіях. Крызіс пакліканняў Папа назваў своеасаблівай «стратай крыві» ў касцёльным арганізме, дадаўшы, што гэта «атрутны плод», які выгадавалі рэлятывізм і дыктатура грошай. Спрыяе яму, па словах Пантыфіка, таксама «дэмаграфічная зіма». Таму, як падкрэсліў Святы Айцец, неабходна шукаць новых шляхоў пабуджэння росту пакліканняў.

Папа таксама заахвоціў дыяцэзіі, у якіх пакліканняў шмат, дзяліцца з тымі дыяцэзіямі, дзе іх мала, каб паўсюль было дастаткова пастыраў. «Гэты погляд Пантыфіка выяўляе яго клопат пра ўвесь Касцёл і заклікае да міждыяцэзіяльнай салідарнасці, — адзначыў для Catholic.by у сувязі з гэтым арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Гэты заклік з’яўляецца актуальным і для Беларусі. Багатыя пакліканнямі і святарамі мясцовыя Касцёлы павінны дзяліцца з беднымі».

Папа Францішак, вядомы сваёй ідэяй «беднага Касцёла для бедных», звярнуў увагу і на недахоп сведчання евангельскай беднасці ў Касцёле ў Італіі.

Трэцім прыярытэтам Касцёла ў Італіі, па словах Святога Айца, павінна стаць яго структурная рэформа. Сёння ў Італіі існуе 250 дыяцэзій, і Папа хоча паменшыць іх колькасць, бо многія з іх вельмі малыя.

Прадстаўленыя Пантыфікам прапановы абмяркоўваліся ў закрытым рэжыме без удзелу журналістаў. Біскупы задавалі Святому Айцу пытанні, і ён адказваў на іх.

Адносна галоўнага пытання пасяджэння — прысутнасці і эфектыўнасці мас-медыя ў Касцёле ў Італіі — біскупы выказалі занепакоенасць іх слабой эфектыўнасцю пры тым, што неабходныя структуры развіты вельмі моцна. Нягледзячы на вялікую колькасць медыя, расце праблема адукацыі ў медыйным свеце. Была звернута ўвага на тое, што ў медыя з’яўляюцца навіны і іншыя матэрыялы, у тым ліку пастырскія, якія потым знікаюць, не пакідаючы следу. У той жа час удзельнікі пасяджэння падкрэслілі, што медыйная культура павінна ўзрастаць і станавіцца прывілеяваным месцам у Касцёле.

Касцёл існуе, каб евангелізаваць, перадаваць Добрую Навіну з мэтай фармавання чалавека на хрысціянскіх каштоўнасцях. У гэтай яго місіі, як адзначылі іерархі, СМІ займаюць асаблівае значэнне, і іх роля з дня на дзень павялічваецца.

На думку ўдзельнікаў пасяджэння, праца касцёльных медыя павінна адбывацца на трох узроўнях. Першы з іх — культурны, бо заўсёды існуе праблема інкультурацыі Евангелля. Гэта азначае, што дзякуючы мас-медыя неабходна інтэграваць Евангелле і пасланне Касцёла ў новую сучасную культуру. Другі ўзровень — пастаральны: медыя робяць пасланне Евангелля і Касцёла даступным вялікай колькасці людзей. Трэці — касцёльны: Касцёл павінен не толькі абвяшчаць Евангеле, але і дбаць аб тым, як яно ўспрымаецца людзьмі.

Сучасны свет, як заўважылі біскупы, перажывае медыйную трансфармацыю. У ім сама інфармацыя больш не з’яўляецца найбольш важнай справай, бо яна ўжо стала часткай грамадства. Інфармацыйнае грамадства складаецца не толькі з самой інфармацыі, бо інфармацыя яго не характарызуе, а стварае. У інфармацыйным грамадстве мы знаходзімся не столькі «online», як «on life». Гэта, па словах іерархаў, азначае, што мы не толькі сочым за падзеямі, але і ўтвараем іх частку.

Дзякуючы медыя, як было адзначана, Касцёл дзейнічае на трох узроўнях. Ён звяртаецца да сваіх адзінаверцаў, да тых, пра якіх раней не думаў, але якіх дасягае дзякуючы вернікам, і да тых, якія знаходзяцца на перыферыі. Такім чынам Касцёл уваходзіць у паўнату сучаснай культуры з мэтай яе евангелізаваць, асабліва калі пры гэтым выкарыстоўвае зразумелую сучаснаму чалавеку, найперш моладзі, мову.

Усё гэта нагадвае, што медыя перастаюць быць інструментамі перадачы інфармацыі, а становяцца месцам, у якім мы жывём. Без медыя, па словах удзельнікаў пасяджэння, мы застаёмся самі па сабе. Дзякуючы медыя хрысціянства атрымлівае грамадзянства ў сучасным свеце.

Такім чынам, на думку італьянскіх біскупаў, Касцёл на Апенінскім паўвостраве павінен заняць сваё месца ў сучаснай лічбавай культуры. Італьянскія іерархі падкрэслілі, што хочуць быць пастырамі не мінулага, а будучыні.

Падчас пасяджэння таксама шмат увагі было прысвечана пастырству моладзі і падрыхтоўцы да Сінода Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». Галоўным пастырскім элементам падрыхтоўкі да Сінода будзе агульнаітальянская пілігрымка моладзі ў Рым, што пройдзе ў жніўні.

«Кажучы ў цэлым, італьянскія біскупы вельмі моцна занепакоены духоўным станам моладзі, якая страчвае свае хрысціянскія карані і становіцца духоўна “разводненай”, — сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у каментарыі для Catholic.by. — Таму неабходна суправаджаць моладзь па жыцці, каб яна не толькі не страчвала сваіх каранёў, але і станавілася мацнейшай у веры».

Catholic.by

Фота: Сhiesacattolica.it / Catholic.by

для друку для друку