- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Пасхальны Трыдуум. Вялікая пятніца

[1]«Вялікая пятніца і Вялікая субота — гэта дні, калі не цэлебруецца святая Імша…» Артыкул напісаны паводле лекцыі айца Адама Шустака ОР, з якою ён выступаў у Вялікую пятніцу у Кракаве. Больш лекцый можна знайсці на youtube-канале а. Адама “Langusta na palmie” [2].

Як перажыць Літургію Мукі Пана?

«Насамрэч найлепшым рашэннем у гэты дзень будзе стан поўнай бездапаможнасці. Не варта задумвацца, як лепш за ўсё яго перажыць, бо тое, што мы ў гэты дзень успамінаем, — гэта такое здарэнне, якога мы ніколі не зразумеем. Крыніца жыцця, адзінае жыццё, якое сапраўды існуе, перастае жыць. Не варта нават спрабаваць зразумець гэта.

Літургія Мукі Пана пачнецца… без пачатку, без прывітання, без спеву. Працэсія ўвойдзе ў касцёл у поўнай цішыні, такім чынам, нібы не ведаючы, што павінна зрабіць. Дайшоўшы да алтара, святары ўпадуць на твар і будуць ляжаць. Яны таксама нібы не ведаюць, што павінны рабіць. У такі дзень гэта адзіная правільная літургічная пастава. Мне здаецца, гэта адзін з самых прыгожых літургічных жэстаў, якія ёсць у Касцёле: выходзіць ксёндз, задаючыся пытаннем, як распачаць Літургію, і, не знайшоўшы адказу, проста падае на твар і ляжыць у цішыні. А мы ў гэты момант укленчым перад таямніцаю, да якой нават не можам наблізіцца.

Уся Літургія Мукі Пана нібы «разарваная». У тых месцах Літургіі, дзе звычайна спяваюцца песні, у гэты дзень будзе цішыня. Мы будзем стаяць і чакаць. У нас будзе такое адчуванне, быццам хтосьці забыў у гэты момант нешта зрабіць. Калі мы такім чынам будзем перажываць гэтую літургію, то гэта будзе найбольш правільна.

Мука Пана ў Евангеллі паводле Яна

Мы добра ведаем апісанне Мукі Пана ў святога Яна, якое чуем падчас літургіі слова. Тым не менш, у яе варта ўслухацца пэўным чынам: святы Ян апісаў Муку Пана зусім інакш, чым іншыя евангелісты. Ён падаў тое, што адбылося падчас Мукі Пана Езуса, на аснове тагачасных цырымоній, звязаных з інтранізацыяй новага караля. Героі Евангелля дэманструюць тыя ж самыя паводзіны, прамаўляюць тыя ж самыя словы так, што ўсё выглядае дакладна, як ўзвядзенне караля на трон. Святы Ян не канцэнтруецца на адных пакутах, таму што ён хоча сказаць нам штосьці іншае. Замест касцюмаў і ўрачыстага прывітання — цярновы вянок і кпіны, але ва ўсім гэтым Езус узносіцца на каралеўскі пасад. Падчас Літургіі мы павінны не столькі плакаць над Панам Езусам, колькі вітаць Яго як Караля. Пасля Літургіі слова мы будзем адароўваць Крыж, а гэта значыць праслаўляць.

Адарацыя Крыжа

Падчас Літургіі слова мы пачуем, як выглядала інтранізацыя Езуса, а потым мы гэта ўсё ўбачым. Першы крок вядзе да другога. На працягу апошніх двух тыдняў усе крыжы ў касцёлах былі захінутыя фіялетавымі заслонамі. У Вялікую пятніцу іх здымаюць. Мы добра ведаем, што знаходзіцца пад заслонаю. Мы не будзем здзіўлены нейкім новым відовішчам. Гэты абрад азначае штосьці іншае. Ён заснаваны на вельмі старажытнай традыцыі, якой ужо няма, бо мы жывём у іншым свеце. Яна ўзнікла з таго, што да Сярэднявечча распяцце было найбольш упрыгожаным элементам касцёла — яго аздаблялі каштоўнымі камянямі і пакрывалі пазалотаю. Больш за тое, на гэтых распяццях фігура Пана Езуса не была змучанай і «павешанай». Езус выглядаў так, быццам стаяў прама з разведзенымі ўшыркі рукамі, вельмі часта апрануты ў арнат і заўсёды з усмешкаю. Завешванне крыжоў на працягу двух тыдняў перад Пасхаю было звязанае з тым, што павінен быў быць час пакуты, а не сузірання ўсмешлівага Езуса Хрыста. Калі адкрываліся крыжы, гэта прыносіла радасць. Гэта зусім інакш, чым сёння. Тады перад вачыма людзей паўставаў радасны Кароль у пазалочаных шатах з каштоўнымі камянямі. У Вялікую пятніцу мы будзем адароўваць, а не журыцца. Давайце будзем глядзець на Езуса як на каранаванага Валадара, які ўваскрэсне, а цяпер сваімі выцягнутымі на крыжы рукамі хоча прыгарнуць нас да сябе.

[3]

г. Глыбокае, 2017 год

Прыняцце караля

Пасля адарацыі Крыжа Эўхарыстыя будзе перанесеная з цямніцы і святая Камунія будзе ўдзяляцца вернікам. Гэта наступны этап Літургіі Мукі Пана. Касцёл спачатку нам распавядае пра Караля (літургія слова), а пасля паказвае Яго (адарацыя Крыжа), і ў канцы аддае нам Яго. Прыняць Камунію — гэта не што іншае, як сказаць Езусу: «Я хачу ўвайсці ў Тваё валадарства; хачу быць Тваім падданым; няхай Тваё валадарства жыве ўва мне». Літургія Вялікай Пятніцы вядзе нас з гісторыі, праз сімвалы, да прыняцця свайго Караля.

Гроб Пана

Калі мы прымем Камунію, наступіць апошні этап. Гэта ўжо не Літургія, а народны звычай, але, на мой погляд, вельмі цудоўны. Найсвяцейшы Сакрамант будзе выстаўлены каля гробу Пана і будзе там знаходзіцца ажно да Пасхальнай Вігіліі. Гэтая традыцыя ёсць не ва ўсіх краінах.

Што адбываецца ў гэты момант? Пан Езус не перастае дзейнічаць, Ён здзяйсняе сваю апошнюю місію: ёсць яшчэ адно месца, якому патрэбна Яго прысутнасць. Гэта адхлань, дзе знаходзіліся ўсе тыя людзі, якія чакалі збаўлення. Пасля Літургіі ў Вялікую пятніцу Езус сыходзіць на самае дно адхлані і вызваляе адтуль усіх. Пра гэта ёсць вельмі прыгожае чытанне ў Цёмнай Ютрані, якая традыцыйна цэлебруецца раніцай Вялікай суботы. Увесь свет думае, што Кароль спіць і нічога не адбываецца, а Ён выводзіць Адама і Еву з самага дна адхлані, каб запрасіць іх да ўдзелу ў збаўленні, а за імі ідуць усе людзі, якія там знаходзіліся перад нараджэннем Хрыста.

А. Адам Шустак ОР, ave-maria.by [4]