Парафію ў Полацку наведаў біскуп Алег Буткевіч

pict0037 У Полацк у каталіцкую парафію святога Андрэя Баболі 16 кастрычніка прыехаў з афіцыйным “інспекцыйным” візітам біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Цягам тыдняў парафіяне рыхтаваліся да сустрэчы бы да асабістага свята, найперш – маладыя вернікі 14-17 гадоў, якія меліся атрымаць з рук біскупа сакрамэнт бежмавання.

Рыхтаваліся таксама бацькі галоўных герояў урачыстасці, міністранты, хор, жанчыны, якія старанна прыбіралі касцёл, і нават самыя малыя парафіяльныя дзеці, якія не ўмеюць чытаць, таму песню пра маленькую авечку, што крочыць за Пастырам, вучылі разам з манахінямі на слых.

Гамілія біскупа Віцебскага прысвячалася фрагменту з Евангелля, у якім Хрыстос дае звышнатуральнае, на першы погляд, прыказанне: “Маліцца заўсёды”. Што значыць маліцца заўсёды, хіба гэта сур’ёзна? – прапанаваў паразважаць біскуп, нагадаўшы, што і ў манастыры манахі і манахіні не ўвесь час моляцца, а яшчэ і працуюць, і займаюцца ўласным побытам.

“Малітва – гэта не словы, а, найперш, жаданне здзейсніць нешта з дапамогай Бога, – з упэўненасцю ў рэальнасці і сапраўднай магчымасці такой дапамогі. Мы часам адгаворваем малітвы ружанца, пачынаючы думаць пра іх сэнс, а пасля раптам ловім сябе на тым, што, молячыся, даўно ўжо думаем пра ўласныя справы. Гэта таксама малітва, але малітва, якая абавязкова павінна быць пачутая Богам, – гэта малітва-жаданне. Бог бачыць нашыя жаданні і нястачы, але, каб пераканацца ў тым, што нам гэта сапраўды трэба, Ён хоча гэтае “нешта” у просьбе ад нас пачуць”, – падкрэсліў біскуп, прывёўшы параўнанне з любоўю маці: “Колькі разоў на дзень трэба маліцца? Колькі разоў на дзень маці павінна любіць сваё дзіця? Абодва пытанні недарэчныя, бо маці любіць сваё дзіця заўсёды, нават калі думае пра іншае, а не пра яго патрэбы”.

Таксама розніцу ў моцы веры і настойлівасці ў малітве біскуп Віцебскі параўнаў з роварам: “Дзіця, калі едзе на дзіцячым ровары, павінна ўвесь час круціць педалі, бо інакш стане. Дарослы, калі едзе, можа дазволіць сабе спыніць рух нагамі, — ровар усё адно будзе каціцца, але толькі нейкі час, пасля зноў трэба будзе парухаць педалі. А, калі ўздымаемся ў гару, каб яе пераадолець, мы пачынаем круціць педалі мацней і рытмічней, — тое ж адбываецца і з малітоўнай практыкай”.

Пасля сканчэння Імшы біскуп Буткевіч прапанаваў усім жадаючым вернікам “вольны фармат” размоваў, выйшаўшы з сакрыстыі без святочнага арнату і надзяліўшы час усім, хто меўся апавесці яму пра свае “складаныя пытанні”, супольныя ўспаміны ці проста пазнаёміцца і зрабіць сэлфі.

krynica.info

для друку для друку