Парафіяльную ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса адзначылі ў Падсвіллі

Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, 23 чэрвеня 2017 года, у Падсвіллі (Глыбоцкі дэканат), дзе касцёл носіць такі тытул, мясцовыя жыхары, а таксама госці з Прошкава і Азярцоў, сабраліся на парафіяльны фэст.

Пробашч парафіі кс. Аляксандр Дулінец прывітаў вернікаў, якія прыбылі ў святыню, а таксама святароў з Глыбоцкага дэканату, якія перад св. Імшой неслі паслугу ў канфесіяналах, а затым цэлебравалі святочную Эўхарыстыю. “Сённяшняе свята паказвае, што мы павінны мець такую любоў да нашых блізкіх, якую Езус мае да ўсіх нас”, — адзначыў святар і пажадаў, каб заўсёды наследавалі Езуса ціхага і пакорнага сэрцам.

Кс. Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі Святой Тройцы з Глыбокага, які ўзначаліў Літургію, прыгадаў тым, хто знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі можа атрымаць адпуст, каб не змарнавалі час і “збіралі” гэтыя ласкі.

Гамілію прамовіў папярэдні пробашч падсвільскай парафіі кс. Андрэй Кулік, які прыпомніў дзве запаведзі любові. “Урачыстасць Сэрца Езуса, сама назва, звяртае ўвагу на сэрца, не з біялагічнага пункту гледжання, як на орган фізіялагічны, які ганяе кроў па арганізму, але глядзім на сэрца, як на орган, які адказвае за пачуцці, любоў. Сённяшняя ўрачыстасць заахвочвае, каб мы над гэтай тэмай паразважалі”.

“Бог першы палюбіў нас. І выбраў кожнага не таму, што мы лепшы, але таму што палюбіў, — падсумаваў святар і заклікаў: — Запомніце гэтыя словы і заўсёды радуйцеся. Бо няма большай радасці, ад той, калі ведаеш, што хтосьці цябе любіць, а тым больш, калі гэта Бог”.

Нягледзячы на тое, што ўрачыстасць выпала на працоўны дзень, святыня цалкам была запоўнена вернікамі.

На заканчэнне св. Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, ушанаванне Сэрца Езуса словамі Літаніі і Эўхарыстычная працэсія вакол святыні.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку