Парафіяльную ўрачыстасць адзначылі вернікі з Пагошчы

pagoszcza_fest123 красавіка 2016 года парафія Божай Міласэрнасці ў аг. Пагошча (Браслаўскі р-н) адзначыла парафіяльнае свята.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі кс. Славамір Самковіч. На пачатку Эўхарыстыі святар прывітаў кс. Валерыя Орсіка з Оршы, які пераадолеў 340 км дарогі, каб прамовіць Божае слова, гасцей свята і саміх парафіянаў.

Падчас гаміліі, якую прамовіў запрошаны святар, аршанскі дзекан звярнуў увагу на тры звычайныя рэчы, якія патрабуе ад нас Езус: давер, учынкі і малітва.

«Гэта тры кіты, на якіх трымаецца жыццё кожнага з нас:

— Давер. Кажучы штодзённа, што любім Бога, мы павінны пазнаваць Яго праз удзел у Святой Эўхарыстыі, што сталі на крок бліжэй да гэтай Таямніцы. Пазнанне — гэта і ёсць любоў. Бог патрабуе ад нас шчырай адказнасці, каб мы ўсведамлялі, што робім. Чаму мы не ўмеем цаніць тое, што мы маем тут і цяпер, але марым толькі пра будучыню? Варта задумацца, ці я ўсведамляю ў якой таямніцы ўдзельнічаю сёння.

pagoszcza_fest05

— Учынкі. Трэба дзяліцца тым, што маем. Варта  задумацца, ці робім мы ўчынкі міласэрнасці для іншага чалавека. Не заўсёды чалавек патрабуе грошай, але часам звычайнай усмешкі і простых слоў «прабач» і «дзякуй».

— Малітва. Яна павінна быць трывалай. Ці я з’яўляюся духоўным заплеччам для сваіх родных? Запрашаю кожнага з вас да неперастаннай малітвы ў розных інтэнцыях з просьбамі і падзякамі.»

Пасля св. Імшы ўрачыстай працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамантам вернікі прайшлі вакол святыні. На заканчэнне быў заспяваны ўрачысты гімн «Цябе, Бога, праслаўляем».

pagoszcza_fest22

Па запрашэнні кс. Славаміра, парафіяльную ўрачыстасць у Пагошчы сваім спевам упрыгожыў моладзевы хор з Глыбокага.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку