Парафіяльная ўрачыстасць адбылася ў Шчучыне

Для кожнага верніка адным з галоўных святаў з’яўляецца дзень, калі праслаўляюць cвятога, у гонар якога носіць імя яго парафіяльная святыня. У Шчучынскай парафіі імя Св. Тэрэзы Авільскай урачыстасць адбылася ў нядзелю, 15 кастрычніка.

Святая Тэрэза ўвайшла ў гісторыю як рэфарматарка іспанскага кармелітанскага манаства. Яна стала не толькі першай жанчынай-багасловам у каталіцкім Касцёле, але і першай іспанская пісьменніцай.

Урачыстую святую Імшу ў гонар апякункі парафіі цэлебраваў біскуп Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі. Сярод гасцей у касцёле былі прысутныя святары з іншых парафій Шчучынскага дэканату. Добрай традыцыяй для Шчучына ўжо стала тое, што на вялікія святы яго наведваюць праваслаўныя святары. А каталіцкія святары ў сваю чаргу заўсёды з радасцю раздзяляюць праваслаўныя святы.

Да адпустовай урачыстасці парафіяне рыхтаваліся праз саракагадзіннае набажэнства, якое распачалося таксама ў важны дзень для Шчучынкай парафіі — 13 кастрычніка, у 100-годдзе з дня апошняга аб’яўлення Маці Божай у Фаціме. Фацімскае набажэнства праходзіць у Шчучынскім касцёле кожны 13 дзень месяца, бо тут знаходзіцца санктуарый Маці Божай Фацімскай.

Яшчэ адной важнай падзеяй, за якую дзякавалі падчас адпустовай святой Імшы, стала кананізацыя айца піяра Фаустына Мігеза, якая адбылася ў гэты дзень у Рыме.

Таццяна Кавалеўская

для друку для друку