- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Парафія Святой Тройцы ў г. Докшыцы арганізавала для дзяцей “Канікулы з Богам”

dokszycy_letnik14 [1]Якім чынам можна выдатна правесці канікулы ? Дзеці парафіі Святой Тройцы ў г. Докшыцы ў адзін голас гучна даюць адказ: “З Богам” !

Мясцовыя ж сёстры Адараторкі Крыві Хрыста і браты Капуцыны стварылі ўсе ўмовы для гэтага, і ў рэшце рэшт “Канікулы з Богам 2015”, якія адбыліся з 10 па 20 чэрвеня, сабралі даволі вялікую колькасць маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак: агульны спіс удзельнікаў лёгка пераваліў за 100 чалавек.

Дзеці вядома ж былі ў асноўным мясцовыя, але былі таксама і госці з Віцебска, Мінска, Барысава, Бягомля, Бярозаўкі, Ваўкалаты. Акрамя братоў і сясцёр назіралі за імі і аніматары: больш дарослыя хлапцы і дзяўчаты з Докшыц, Маладзечна, Слоніма, Гродна і Мінска, якія не давалі дзецям сумаваць.

“Жывеш толькі раз – жыві як Святы !”, — менавіта такі дэвіз паставіла сабе ўся супольнасць “Канікул”. Агульная тэма дзіцячых рэкалекцый — тэма Святасці — даволі цікавая як для дзяцей, так і для дарослых.

Жыць жа дзеці вучыліся па прыкладах Святых Францішка Асізскага, Антонія Падуанскага, Маці Тэрэзы, Станіслава Косткі, Марыі дэ Маціяс, Яна Боска, Дамініка Савіё і дзяцей з Фацімы, пра якія ў сваіх Канферэнцыях распавядалі а. Віталь Юркевіч OFMCap, cястра Надзея і аніматары, сярод якіх быў і я.

Лічу, што мы выдатана справіліся з вызначанай нам ганаровай працай. Пасля 6 групак, на якія дзеці былі ў першы дзень падзелены, выбралі сабе па аднаму Святому ў якасці апекуна. У апошні ж дзень дзеці сваімі групкамі ўдзельнічалі ў цікавай гульне, якую прыгатавалі для іх дарослыя: 6 святых павінны прывесці кожную групку да скарбу з падарункамі, што было і цікава дзецям, і яшчэ раз прымусіла іх прыпомніць жыццё кожнага Святога, каб той дапамог ім у іх шляху да падарункаў.

Апроч усяго іншага дзеці мелі яшчэ і выезд у г. Нарач і Мядзел на возера Белае, якое спадабалася кожнаму.
Трэба яшчэ зазначыць, што гэтыя “Канікулы” былі ўнікальнымі ці можа пераломнымі ў нейкім сэнсе, бо вельмі шмат якіх ідэй былі проста наватарскімі, і было невядома, як усё пойдзе на справе. Аднак, усё было вельмi i вельмi добра.

Спадзяюся, што і ў наступным годзе ўсё пройдзе на гэткім жа высокім узроўні. І няхай Божа нам дапаможа!

Уладзіслаў Труханаў