Парафіяне з Навагрудка падрыхтавалі выступ, прысвечаны творчасці Адама Міцкевіча

24 снежня – вельмі важны дзень для ўсіх католікаў. Гэга час прыходу Езуса.

Штогод кожны снежань мы знаходзімся ў радасным чаканні калядных святаў. Праз гады, стагоддзі і тысячагоддзі мы зноў і зноў дзякуем Богу за яго сына. Мы любім Езуса, адчуваем яго апеку і моцна жадаем, каб увайшоў у жыцце кожнага з нас. А яшчэ мы, як дзеці, чакаем ад яго цудаў. Асабліва ў гэтыя святыя дні.

Ці ж не цуд учыніў Бог, калі падарыў свету вялікі талент Адама Міцкевіча. Паэт нарадзіўся ў вігілійны вечар 24 снежня 1798 года. Месцам яго нараджэння называюць фальварак Завоссе Наваградскага павета. Бацька паэта Мікалай Міцкевіч служыў адвакатам пры навагрудскім судзе. Маці Барбара Маеўская паходзіла са збяднелай шляхты з вёскі Чамброва, гэта таксама на Наваградчыне.

Як і належыць, у каталіцкай сям’і Міцкевічаў, панавалі любоў і згода. Дзеці, Францішак і Адам, раслі ў спрыяльнай атмасферы, у павазе да простых людзей. Яны выхоўваліся на музыцы, беларускіх і польскіх песнях, якія яму спявалі служанкі Гансеўская і Гарбатоўская, на беларускіх казках і легендах, якія ім расказваў слуга Блажэй. Такая першая хатняя адукацыя стала для будучага паэта асновай для яго вершаў і балад. Чытаць і пісаць хлопцаў навучыла маці. Пэўны час з імі працавалі гувернёры – спачатку Сымон Мінкоўскі, потым Людвік Янкоўскі.

Першую адукацыю па-за дому Адам атрымаў у Навагрудскай дамініканскай школе, у якую паступіў у 1807 годзе. Школа была пры касцёле Святога Міхала Арханёла. Разам з арыфметыкай, гісторыяй, геаграфіяй, польскай мовай, лацінай, этыкай, каліграфіяй хлопец тут спасцігаў і рэлігійную навуку.

Усё, што потым будзе адлюстравана ў творчасці, Адам Міцкевіч знайшоў тут, у Навагрудку. Расказваюць, што тое, што ён мог памерці яшчэ ў дзяцінстве, але, дзякуючы аднаму толькі Богу і яго ўсемагутнай сіле, застаўся жыць на гэтым свеце. Адам быў ахрышчаны 2 лютага 1799 года ў Навагрудскім Фарным касцёле Перамянення Пана. Тут знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Навагрудскай. Паводле легенды, менавіта дзякуючы гэтаму абразу, выздаравеў маленькі Адам Міцкевіч.

Калі напярэдадні 220-гадовага юбілея паэта Адама Міцкевіча яго цяперашнія землякі з Навагрудка атрымалі запрашэнне Чырвонага касцёла прыняць удзел у вечарыне «Адамаў шлях пад вечным небам», гэта стала справай вялікай адказнасці і гонару найперш для ўдзельнікаў кола пазнавання польскай мовы і культуры пры касцёле Святога Міхала Арханёла. Гурток існуе ўжо другі год, і арганізаваны па ініцыятыве ксяндза-пробашча Юрыя Жэгарына. Становіцца добрай традыцыяй дзень нараджэння Адама Міцкевіча адзначаць цікавым мерапрыемствам з духоўным адценнем. У мінулым годзе гэта была паэтычная імпрэза “Adam Mickiewicz. Kocham”. Сёлета кола пайшло далей. Па матывах твораў паэта (верш “Дзень добры”, баладаў “Свіцязь”, “Вяртанне таты”) на польскай мове быў пастаўлены спектакль-мініяцюра “Рowrót taty”.

Галоўную ідэю спектакля выконвае балада “Вяртанне таты”. Сама па сабе яна мае глыбокі сэнс. Згодна зместу, дзеці, якія шчыра моляцца за свайго бацьку каля крыжа, выратавалі па меншай меры ад абкрадання бандытамі свайго бацьку-купца. Але, што непамерна каштоўней, яны выратавалі жыцці – свае і бацькі. Адам Міцкевіч быў веруючым чалавекам, католікам. Відаць, гэта і дало яму магчымасць так глыбока пранікнуцца рэлігійнай тэмай, так пераканальна мастацкім словам прадэманстраваць моц малітвы. Лепш, чым Міцкевіч, пра гэта не скажаш.

І вось 16 снежня ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены ў тэатральнай зале адбылася прэм’ера спектакля-мініяцюры. Але гэта была не проста тэатральная пастаноўка. Атрымалася цэлае прадстаўленне – музычнае, паэтычнае, песеннае. Музыка любімага Міцкевічам польскага кампазітара Фрэдэрыка Шапэна суправаджала ўсё мерапрыемства. У запісу і “жывым” гучаннем. Музыкант з Мінска, пастаянны ўдзельнік канцэртаў арганнай музыкі ў Навагрудскім касцёле Святога Міхала Арханёла, Аляксандр Музыкантаў падараваў прысутным на мерапрыемстве цудоўныя і ўзнёслыя хвіліны эстэтычнага задавальнення.

Кранальным і патрыятычным атрымалася выступленне касцёльнага хору з Навагрудка. Яго ўдзельнікі (Ядвіга Лысая, Алена Аскірка, Ірына Каўцэвіч, Ганна Шапель, Тэрэза Закрэўская, Ванда Бузук) спявалі пра любоў да Бога, да Радзімы, да Навагрудчыны. Гледачы ўзнагародзілі іх вельмі цёплым прыёмам.

Паэтычная частка прадстаўлення навагрудчан была прысвечана краязнаўству. Гурткоўцы кола навучання польскай мовы (Фаіна Малюжэнец, Ірына Царук, Алена Антоненка, Алена Міхнёнак, муж і жонка Максім і Вольга Гурэцкія) на беларускай, рускай і польскай мовах тэатралізавана па ролях прачыталі міцкевіцкую баладу “Люблю я”. Сюжэт балады разварочваецца у родных Міцкевічу мясцінах, на Навагрудчыне, калі быць больш дакладнай, каля вёскі Рутка. Адна з вядучых праграмы, самая маладая ўдзельніца, яшчэ школьніца, Аляксандра эмацыянальна і выразна прачытала верш “Ріеsń Philarets”. Тэма філарэтаў, а гэта тайнае патрыятычнае аб’яднанне студэнтаў Віленскага універсітэта ў 1820-1823 гадах, – вельмі важная для Міцкевіча. Ён быў адзін з іх. Таму мы не маглі не закрануць гэтай тэмы.

Кола навучання польскай мовы працуе пры касцёле. Зразумела, усе яго ўдзельнікі – хрысціяне, людзі веруючыя, якія маюць асабістыя адносіны з Езусам. Таму такой дарагой і значнай для нас была прысутнасць на каляднай сустрэчы Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага з прадстаўнікамі малітоўных груп і рэлігійных рухаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гэта ішла трэцяя нядзеля Адвэнту, якая ў літургіі Касцёла традыцыйна з’яўляецца “нядзеляй радасці”. Таму мы, парафіяне касцёла Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку, з радасцю і пажаданнямі Божай ласкі дзяліліся аплаткамі паміж сабой, са святарамі і ўвогуле з усімі прысутнымі на сустрэчы католікамі.

Аналізуючы “post faсtum” нашу паездку ў Мінск, хочацца падзяліцца найлепшымі ўраджаннямі ад сустрэч і знаёмстваў з рознымі добрымі людзьмі і святарамі. Найперш, гэта дэкан Паўночна-Заходняга дэканату горада Мінску, пробашч касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк. Шчыра дзякуем за запрашэнне і апеку загадчыцы бібліятэкі імя Адама Міцкевіча пры Чырвоным касцёле спадарыні Галіне і арганісту касцёла Андрэю Міхневічу.

Хай добры Бог аддзячыць нашаму ксяндзу-пробашчу Юрыю Жэгарыну за яго хваляванні і турботы за нас, за яго малітвы ў нашай інтэнцыі.

Фаіна Малюжэнец

для друку для друку