Парафіяльны адпуст прайшоў у Новалукомлі

Фэст у гонар святой Марыі Магдалены, імя якой носіць парафія ў Новалукомлі, прайшоў у нядзелю 20 ліпеня.

Свята гэтай святой Касцёл адзначае 22 ліпеня. Яшчэ да 2016 года гэта быў абавязковы ўспамін. Змена адбылася па жаданню Папы Францішка, які хацеў такім чынам падкрэсліць ролю не толькі гэтай святой, але і ўсіх жанчын у Касцёле.

На свята сабраліся вернікі парафіі, госці з Шаркаўшчыны, Глыбокага, Лучая і іншых мясцін, якія цалкам запоўнілі святыню. Прыбылі на фэст і ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі, дэкан Лепельскага дэканату, у які ўваходзіць і новалукомльская парафія, а таксама ксёндз Марэк Казмерчык з Польшчы, які раней працаваў у Беларусі і добра валодае беларускай мовай.

Распачалося богаслужэнне а 14-й гадзіне ўрачыстым уваходам святароў разам з міністрантамі ў храм. Напачатку ўсіх прывітаў пробашч парафіі кс. Мікалай Ліпскі. Ён папрасіў ксяндза Марэка ўзначаліць гэту святую Імшу.

Божае слова на ўрачыстасці прачытаў для вернікаў кс. Уладзімір Заянчкоўскі. Урывак з Евангелля распавядаў пра той момант, калі Марыя Магдалена ў нядзелю пасля ўкрыжавання Езуса прыйшла да магілы, і ўбачыла, што камень адсунуты , і магіла пустая.

У сваім слове да вернікаў ксёндз Марэк паразважаў над гэтым урыўкам са Святога Пісання. “Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім…”, – кажа ўваскрослы Езус да Марыі Магдалены. Так і мы, адзначыў святар, павінны ісці да людзей і паказваць ім прыклад нашай веры.

У якасці такога прыкладу ён прывёў саміх вернікаў з Новалукомля. Калісьці тут стаяла закінутая кацельня, і ніхто не мог паверыць, што тут паўстане храм. Але дзякуючы веры людзей, іх працы, гэты касцёл паўстаў тут на хвалу Божую.

“Езус міласэрны, Яго не трэба баяцца, Ён нас чакае,” – сказаў святар напрыканцы гаміліі.

Падчас Імшы адбылася працэсія з дарамі, у якой прынялі ўдзел дзеці і моладзь парафіі. Маладыя вернікі паднеслі свечку як сімвал святла Хрыста, хлебны каравай, кветкі, садавіну як сімвал прыгажосці і багацця, што дае нам зямля, а таксама віно, ваду і гостыю.

На заканчэнне богаслужэння адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, вернікі разам са святарамі памаліліся літаніяй да святой Марыі Магдалены. А затым адбылася святочная працэсія вакол святыні, якая закончылася спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем”.

Пасля ўрачыстага бласлаўлення Найсвяцейшым Сакрамантам пробашч парафіі кс. Мікалай Ліпскі выказаў падзяку ўсім, хто ўдзельнічаў у гэтай урачыстасці, дапамагаў яе рыхтаваць, і запрасіў усіх на пачастунак і канцэрт, які адбыўся перад святыняй.

На гэты раз у Новалукомль завіталі артысты Ірына Раманоўская і Алег Сямёнаў, якія парадавалі прысутных сваім спевам.

Напрыканцы фэсту ўсе разам прачыталі малітву “Ойча наш” і атрымалі бласлаўленне ад ксяндза Мікалая. Ён таксама запрасіў усіх на парафіяльнае свята ў Чашнікі, якое распачнецца 3 жніўня ў 15 гадзін.

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота

Пазней будзе далучаны больш падрабязны фотарэпартаж

для друку для друку