Парафіяльны адпуст адбыўся Тракелях

2 ліпеня адбылася адпустовая ўрачыстасць у парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях (Радунскі дэканат).

На ўрачыстасці сабраліся шматлікія вернікі, якія захацелі ў гэты дзень прадставіць Пану Богу праз заступніцтва Маці Божай Каралевы сем’яў усе свае просьбы.

Святая Імша цэлебравалася ў інтэнцыі парафіяльнай супольнасці, якая ўжо хутка будзе прымаць пілігрымаў з усёй дыяцэзіі і з-за яе межаў. У гаміліі кс. Ян Рушніцкі, дэкан дэканату Гродна-Захад, казаў аб тым, як важна захаваць сямейныя каштоўнасці і знайсці кожнаму сваё пакліканне ў жыцці. Святар адзначыў, што ў гэты час уся Гродзенская дыяцэзія рыхтуецца да штогадовых урачыстасцяў у Тракелях праз дзевяцідзённую навэнну да Маці Божай Тракельскай.

Пасля Імшы адбылася працэсія з абразом Маці Божай Тракельскай, а потым Марыйны апэль, які правёў а. Анджэй Ядкоўскі CSsR.

Пробашч парафіі кс. Юрый Бяганскі падзякаваў усім гасцям за ўдзел ва ўрачыстасці і запрасіў прыбыць яшчэ раз у Тракелі на святкаванне 25-годдзя з часу абвяшчэння парафіяльнай святыні ў Тракелях Дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, 10-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Тракельскай і 210-годдзя пабудовы мясцовага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі.

кс. Юрый Марціновіч, тэкст
Гражына Рамэйка, фота
grodnensis.by

для друку для друку