Парафіяльную ўрачыстасць адзначылі ў Лаздунах

27 кастрычніка ў парафіі Святых Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах адбылася парафіяльная ўрачыстасць. На яе прыбылі не толькі мясцовыя парафіяне, але і вернікі з усіх куткоў Беларусі.

Галоўную Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Таксама разам маліўся кс. Павел Эйсмант, куратар 1-га курсу Вышэйшай духоўнай семінарыі.

Урачыстасць распачалася з прывітання арцыпастыра і ўсіх гасцей пробашчам парафіі кс. Анджэем Бураком. У сваёй гаміліі біскуп Юрый засяродзіў увагу вернікаў над урыўкам з Евангелля, асабліва над постацямі мытніка і фарысея. Таксама напомніў і пра заступнікаў Лаздунскай парафіі. Св. Юда Тадэвуш з’яўляецца апекуном у справах цяжкіх і безнадзейных. Таму варта скіроўваць да яго ўсе свае малітвы ў любой цяжкай жыццёвай сітуацыі і не губляць надзеі.

Пасля Літургіі адбылася ўрачыстая працэсія. Як пажартаваў іерарх, ксёндз Анджэй напэўна мае сувязь з небам і дамовіўся аб добрым надвор’і, таму працэсія атрымалася прыгожай і велічнай, пасля якой праславілі Бога гімнам “Te Deum”.

На заканчэнне ўрачыстасці ксёндз Анджэй скіраваў словы падзякі найперш Пану Богу за магчымасць маліцца разам, а таксама біскупу Юрыю за тое, што ён знайшоў час і прыехаў раздзяліць разам з вернікамі ў Лаздунах радасць парафіяльнага свята. На памяць аб гэтым дні мясцовы пробашч падараваў біскупу Юрыю і кс. Паўлу кубак з выявай касцёла ў Лаздунах. Такі самы кубак быў перададзены і для арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча,  нябесным апекуном якога з’яўляецца св. Юда Тадэвуш. Словы падзякі былі скіраваны ўсім парафіянам, якія прыбіралі святыню і навакольную тэрыторыю і спрычыніліся да таго, каб урачыстасць была прыгожай. Біскуп Юрый Касабуцкі ў сваю чаргу, падзякаваў кс. Анджэю за запрашэнне і выказаў шмат цёплых і кранальных слоў у яго адрас.

Безумоўна, памяць аб гэтым дні застанецца ў сэрцах Лаздунскіх вернікаў назаўсёды. І няхай добры Бог шчодра благаслаўляе пробашчу і ўсім парафіянам, а святыя заступнікі Сымон і Юда Тадэвуш выпрошваюць патрэбныя ласкі і захоўваюць ад злога.

кс. Анджэй Бурак, тэкст
Алена Паўлоўская, фота

для друку для друку