[1]14 ліпеня ў Варшаве адбылася 30-я Міжнародная парафіяда дзяцей і моладзі, у якой удзельнічалі прадстаўнікі Гродзенскай дыяцэзіі. Усяго з Беларусі было 15 парафіяльных супольнасцяў. Многія ўжо атрымалі медалі і паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі.
Каманда гродзенскай парафіі Маці Божай Міласэрнасці (Аўгустовак) з дзевяці каманд-удзельніц ва ўзроставай катэгорыі 14-16 гадоў занялa першае месца па футболе. Каманда выйграла ва ўсіх матчах і фінале. Усе футбалісты атрымалі залатыя медалі і кубак Пераможцаў.
Акрамя таго, прадстаўнікі парафіі занялі прызавыя месцы ў іншых катэгорыях:
1-е месца па бадмінтоне (Валерый Сяўрук) — катэгорыя гімназія
1-е месца па плаванні, класічны стыль (Альберт Ронік) — катэгорыя гімназія
1-е месца па плаванні, вольны стыль (Альберт Ронік) — катэгорыя гімназія
2-е месца па шашках (Вераніка Жыгуліч) — катэгорыя гімназія
2-е месца ў конкурсе малюнка (Аліна Сяўрук) — катэгорыя ліцэй
3-е месца па настольным тэнісе (Кірыл Тарасюк) — катэгорыя гімназія
Асобнай спартыўнай падзеяй падчас юбілейнай Парафіяды быў таварыскі футбольны матч паміж паліцыяй Варшавы і зборнай Парафіяды. Матч праходзіў у цудоўнай атмасферы дзякуючы падтрымцы балельшчыкаў – удзельнікаў Парафіяды, якія ў лічбе каля 1500 чалавек запоўнілі трыбуны ў спартыўнай зале і на працягу ўсяго матчу падтрымлівалі абедзве каманды.
У вельмі напружнай барацьбе перамогу атрымала каманда паліцыі Варшавы з лікам 7-6.
У складзе зборнай Парафіяды былі кс. Артур Малафей – апякун каманды Гродна-Аўгустовак, брамнік Вадзім Сляпец і Антоні Сучкоў (які ў гэтым матчы забіў тры галы) – таксама з гэтай парафіі.
Напрыканцы матчу капітаны каманд атрымалі памятныя кубкі, пераможцы – залатыя медалі, а іншыя – сярэбраныя.
grodnensis.by [3]