Папу Францішка адзначылі праваабарончай прэміяй

papa_citatuСвяты Айцец адзначаны прэміяй “Абаліцыяніст году” за ўклад у паўсюдную адмену смяротнага пакарання. Узнагода штогадова прысуджаецца італьянскай праваабарончай асацыяцыяй пад назвай “Не кранаць Каіна” (Nessuno tocchi Caino), дзейнасць якой носіць міжнародны характар.

Папа Францішак, “пантыфікат якога пачаўся з адмены пажыццёвага пакарання і прызнання катаванняў злачынствам у заканадаўстве Дзяржавы Ватыкан, моцна і ясна выказаўся не толькі супраць смяротнага пакарання, але і супраць смерці для пакарання і пакарання аж да смерці”, — гаворыцца ў спецыяльным паведамленні арганізацыі.

31 ліпеня ў  Рыме, у прысутнасці высокіх італьянскіх дзяржаўных дзеячаў, адбылася прэзентацыя справаздачы за 2015 г. аб сітуацыі са смяротным пакараннем у свеце. З яе вынікае, што краінамі-лідэрамі па колькасці смяротных пакаранняў у 2014 г. былі: Кітай, Ірак і Саўдаўская Аравія. У сваю чаргу, па колькасці казняў у першай палове 2015 г. Саўдаўскую Аравію апярэдзіў Пакістан.

Асацыяцыя “Не кранаць Каіна” была заснавана ў 1993 г. Яе назва натхнёная словамі з кнігі Быцця: “Калі нехта заб’е Каіна, таму адпомшчана будзе ўсямёра” (4,15) і азначае, што справядлівасць не павінна пераўтварацца ў помсту.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку