Папскі ліст да пасланніка на ўрачыстасці ў Беларусі

Papa14 мая быў апублікаваны Папскі ліст да легата на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Беларусі. Раней, 26 сакавіка, Святы Айцец Францішак прызначыў кардынала Зянона Грахалеўскага, прэфекта на пенсіі Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, сваім легатам на форум, які будзе праходзіць у Гродне 24-26 мая з нагоды 25-годдзя заснавання Гродзенскай дыяцэзіі.

На самым пачатку свайго ліста, апублікаванага на лацінскай мове, Францішак спасылаецца на дакумент свайго папярэдніка, Яна Паўла ІІ “Dominicae cenae”, і нагадвае, што “Эўхарыстыя з’яўляецца асаблівай каштоўнасцю ўсяго Касцёла. Гэта найвялікшы дар, які ў парадку ласкі і сакрамэнту Боскі Жаніх перадаў і працягвае перадаваць сваёй Нявесце”. Пантыфік узгадаў часы “савецкага рэжыму” і адзначыў, што аднаўленне касцёльных структур у Беларусі стала сапраўдным трыумфам Хрыста. Дзякуючы гэтаму за апошняе 25-годдзе вялікая колькасць людзей прымірылася з Богам і бліжнімі, многія прынялі сакрамэнт хросту, шматлікія маладыя людзі пачулі голас Хрыста і паступілі ў семінарыю. Але ўсё яшчэ шмат тых, хто не ведае Евангелля, адзначыў Папа.

Францішак даручыў кардыналу Грахалеўскаму прывітаць ад яго імя Біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, пераказаць словы павагі прадстаўнікам дзяржаўнай улады, нагадаць вернікам пра значэнне і важнасць удзелу ў цэлебрацыі Эўхарыстыі, а святарам – пра неабходнасць гарачай малітвы і душпастырскага служэння. Гэта асабліва важна, адзначыў Пантыфік, у год, калі Касцёл перажывае Юбілей Міласэрнасці.

Папа даверыў Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Беларусі заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, усіх святых, а таксама благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка, і даслаў удзельнікам сваё апостальскае благаслаўленне.

Таксама асобным дакументам быў апублікаваны склад Папскай місіі, у якую ўвайшлі два святары Гродзенскай дыяцэзіі: кс. Ян Кучынскі, біскупскі вікарый для Гродзенскай вобласці і пробашч катэдральнага касцёла Гродна, і кс. Раман Рачко, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродна. Яны будуць суправаджаць папскага пасланніка падчас яго візіту ў Беларусь.

Ватыканскае радыё

для друку для друку