Папскі хор выступіць разам з англіканскім

Папская музычная Сікстынская капэла і хор Вэстмінстэрскага абацтва разам праспяваюць у рамках Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Музычныя калектывы ўпрыгожаць сваім спевам дзве важныя падзеі, якія пройдуць у Рыме, паведаміла 20 студзеня Зала Друку Апостальскай Сталіцы. 

24 студзеня адбудзецца іх сумесны канцэрт у рымскай базіліцы св. Яна на Латэране. Прыхільнікі духоўнай музыкі атрымаюць цудоўную магчымасць пачуць два хоры, “паяднаныя глыбокім пошукам, а таксама гістарычнай і мастацкай вартасцю абсалютнага міжнароднага значэння”, гаворыцца ў спецыяльным камюніке.

Акрамя таго, калектывы будуць упрыгожваць спевам малітву Нешпараў у базіліцы св. Паўла за Мурамі, якую ўзначаліць папа Францішак. Яна пройдзе 25 студзеня на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Па традыцыі ў ёй прымаюць удзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.

Супрацоўніцтва Папскай музычнай Сікстынскай капэлы і хору Вэстмінстэрскага абацтва пачалося падчас візіту Бэнэдыкта XVI у Вялікабрытанію ў 2010 годзе. Яно з’яўляецца важным для экуменічнага шляху, які знаходзіць канкрэтныя шляхі да адзінства праз музыку.

Ватыканскае радыё

для друку для друку