Папская рада ініцыявала малітву за Усеправаслаўны Сабор

bazilika sv. PetraКатолікі Рыма будуць маліцца ў інтэнцыі Усеправаслаўнага Сабору, які пройдзе 19-27 чэрвеня 2016 г. на востраве Крыт. Арганізатарам набажэнства з’яўляецца Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Урачыстыя Нешпары запланаваны на 11 чэрвеня. Яны пройдуць у 17.00 у папскай базылікі св. Паўла за Мурамі. Гаворка ідзе пра сведчанне духоўнай блізкасці Каталіцкага Касцёла да Праваслаўных Цэркваў.

Скліканы Патрыярхам Канстантынопальскім Барталамеем, першы за апошнія тысячу гадоў, Усеправаслаўны Сабор рыхтаваўся больш за паўстагоддзя. Тым не менш, некалькі Праваслаўных Цэркваў, у тым ліку найбуйнейшая з іх Руская, ужо выказалі агаворкі ў дачыненні да некаторых дакументаў, якія плануецца прыняць на пасяджэннях, і заклікалі адкласці іх прыняцце на больш позні тэрмін. Балгарская Праваслаўная Царква абвясціла аб тым, што ўвогуле не скіруе сваіх прадстаўнікоў на Крыт, што паставіла правядзенне Сабору пад пагрозу.

Раней старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству выказаў спадзяванне, што першы на працягу многіх стагоддзяў такога роду буйны сход можа адыграць станоўчую ролю ў збліжэнні пазіцый розных Праваслаўных Цэркваў адносна католікаў. Калі партнёры “паміж сабой не да канца адзіныя”, гэта можа негатыўна ўплываць на дыялог, заўважыў кардынал Курт. У праваслаўі, паводле яго, да сённяшняга дня існуе “дысананс” ва ўспрыняцці католікаў.

Старшыня Папскай рады спадзяецца, што Усеправаслаўны Сабор дашле “ясныя знакі”, якія прадэманструюць жаданне ісці па шляху экуменізму.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку