Папскае пасланне міру: дыялог, згода, экалагічнае навяртанне

“Мір – гэта каштоўнае дабро, аб’ект нашай надзеі, да якога імкнецца ўсё чалавецтва”, — так пачынае сваё пасланне на 53-ы Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня, Папа Францішак.

“Наша чалавечая супольнасць мае ў памяці і целе прыкметы войнаў і канфліктаў, якія наступалі адзін за адным з усё большымі магчымасцямі разбурэння (…). Кожная вайна становіцца братазабойствам, якое разбурае сам праект братэрства, упісаны ў пакліканне чалавечай сям’і”, — напісаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што “вайна часта пачынаецца з нецярпімасці да іншасці, што стварае жаданне валодаць і жаданне кіраваць”, яна “нараджаецца ў сэрцы чалавека ад эгаізму, гонару, нянавісці”. “Вайна распальваецца дэфармацыяй адносін, гегеманісцкімі амбіцыямі, злоўжываннем уладай, страхам перад іншымі і розніцай, якая разглядаецца як перашкода”, — заўважыў ён.

Пантыфік нагадаў сваю думку, агучаную падчас нядаўняга падарожжа ў Японію: “не можна разлічваць на захаванне стабільнасці ў свеце праз страх знішчэння, у вельмі нестабільнай раўнавазе, падвешанай на мяжы ядзернай бездані і зачыненай у сценах абыякавасці, дзе прымаюцца сацыяльна-эканамічныя рашэнні, якія адкрываюць шлях да драмы непрыняцця чалавека і стварэння, замест клопату адно пра аднаго”.

У Будаванні міру, на думку Папы, “перш за ўсё варта звярнуцца да маральнай сумленнасці і асабістай і палітычнай волі”. “Свет мае патрэбу не ў пустых словах, але ў перакананых сведках, будаўніках міру, адкрытых да дыялогу, без выключэння і маніпуляцый”, а мірны працэс – “гэта цярплівая праца па пошуку праўды і справядлівасці”, — звярнуў увагу ён.

“Ніколі не будзе сапраўднага міру, пакуль мы не зможам пабудаваць больш справядлівую эканамічную сістэму”, — падкрэсліў Пантыфік. Ён спаслаўся на думку Бэнэдыкта XVI, які ў энцыкліцы Caritas in veritate напісаў: “Пераадоленне недаразвіцця патрабуе працы не толькі над паляпшэннем трансакцый, якія абапіраюцца на абмене, не толькі над перамяшчэннем апякунчых структур грамадскага характару, але перадусім над паступовым прыняццем, у сусветным кантэксце, форм эканамічнай дзейнасці, якая адзначаецца бескарыслівасцю і еднасцю” (п. 39).

“Калі дрэннае разуменне нашых прынцыпаў вяло нас часам да апраўдання злоўжыванняў у адносінах да прыроды або дэспатычнага панавання чалавека над стварэннем ці таксама войнаў, несправядлівасці і насілля, то як веруючыя людзі мы можам прызнаць, што праз гэта мы былі няверныя скарбу мудрасці, які павінны захоўваць”, — адзначыў Францішак.

“На фоне наступстваў нашай варожасці да іншых людзей, непавагі да агульнага дома і эксплуатацыі прыродных рэсурсаў – успрыманых у якасці карыснай прылады для выключна кароткатэрміновага прыбытку, без павагі да мясцовых супольнасцей, агульнага дабра і дабра прыроды – нам патрэбна экалагічнае навяртанне”, — дадаў ён.

Святы Айцец патлумачыў, што ўзгаданую форму навяртання трэба разумець “як трансфармацыю адносін, якія падтрымліваем з нашымі сёстрамі і братамі, з іншымі жывымі істотамі, са стварэннем у яго надзвычай багатай разнастайнасці, з Створцам, Які з’яўляецца крыніцай усяго жыцця”. А для хрысціяніна гэта звязана “з развіццём усіх вынікаў сустрэчы з Езусам у адносінах з акружаючым светам”.

Пантыфік перакананы, што на шляху прымірэння “гаворка ідзе пра веру ў магчымасць міру, веру ў тое, што іншы чалавек – як і мы – патрэбуе міру”.

“Часта крыніцай канфлікту з’яўляецца страх. Менавіта таму важна выйсці за рамкі нашых чалавечых страхаў, усведамляючы сябе патрэбнымі дзецьмі, перад абліччам Таго, хто любіць нас і чакае нас, як і Айцец блуднага сына (…). Для вучняў Хрыста гэты шлях таксама падтрымліваецца сакрамантам прымірэння, дадзеным Панам для прабачэння грахоў ахрышчаных”, — напісаў Папа.

“Няхай кожны чалавек, які прыходзіць у гэты свет, спазнае мірнае жыццё і ў поўнай меры рэалізуе абяцанне любові і жыцця, якое нясе ў сабе”, — завяршыў сваё пасланне на Сусветны дзень міру Папа Францішак.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку