Папа звярнуўся да іерархаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы

Святы Айцец пажадаў, каб украінскае грэка-каталіцкае духавенства несла надзею, дапамогу і суцяшэнне суайчыннікам пасярод ночы канфлікту, які перажывае краіна.

5 ліпеня 2019 г. Папа прыняў Вярхоўнага Архіепіскапа, членаў Пастаяннага Сінода і Мітрапалітаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Яны прыбылі ў Ватыкан на двухдзённы саміт, скліканы па ініцыятыве Папы Францішка.

“Украіна даўно перажывае складаную і далікатную сітуацыю, ужо больш за пяць гадоў яна паранена канфліктам, які многія называюць “гібрыдным”; канфліктам, што складаецца з ваенных дзеянняў, дзе адказныя маскіруюцца; канфліктам, у якім самы высокі кошт плацяць самыя слабыя і малыя; канфліктам, абцяжараным прапагандысцкімі фальсіфікацыямі і маніпуляцыямі рознага віду, у тым ліку спробамі задзейнічаць рэлігійны аспект”, — заўважыў Папа.

Пантыфік запэўніў народ спакутаванай краіны ў сваёй блізкасці. Ён распавёў, што часам пачынае і завяршае дзень “па-ўкраінску”, молячыся тымі словамі, якім навучыўся ў дванаццацігадовым узросце ад епіскапа Сцяпана Чміля ў Аргентыне.

“Дзякую вам за вашу вернасць Пану і Наступніку св. Пятра, за якую часам даводзілася плаціць вялікі кошт на працягу гісторыі, і прашу Пана, каб спрадарожнічаў дзеянням усіх палітычных лідэраў, у пошуку не так званага аднабаковага дабра, якое напрыканцы становіцца здабыццём выгады за кошт іншых, але агульнага дабра, міру”, — сказаў Папа.

Папа Францішак запэўніў у малітве за людзей, якія згубілі на вайне сваіх блізкіх, якія носяць на целе і душы глыбокія раны, якія засталіся без даху над галавой, без працы, якія вымушаны шукаць лепшай будучыні ў іншай краіне.

“Галоўнае заданне Касцёла перад абліччам складаных сітуацый, выкліканых канфліктамі – даваць сведчанне хрысціянскай надзеі. (…) Хрысціянская надзея, умацаваная святлом Хрыста, дазваляе заззяць уваскрасенню і жыццю нават пасярод самай цёмнай ночы ў свеце”, — сцвердзіў Святы Айцец.

“Таму, дарагія браты, лічу, што ў цяжкія перыяды, яшчэ больш чым у мірныя, прыярытэт для вернікаў – гэта прабыванне ў еднасці з Езусам, нашай надзеяй”, — дадаў ён.

Папа ўказаў на прыклад сведкаў веры, якія спазналі пераслед і мучаніцтва, але будучы паяднанымі з Хрыстом, адмовіліся ад логікі гэтага свету, згодна з якой на насілле трэба адказваць насіллем. “Яны сваім жыццём напісалі самыя светлыя старонкі веры: яны – плённыя зерні хрысціянскай надзеі”, — дадаў Пантыфік.

Папа Францішак пажадаў, каб хрысціянскія супольнасці станавіліся месцам сустрэчы з жывым Хрыстом. Таму важна, каб першым клопатам у пастырскай дзейнасці была “малітва і духоўнае жыццё”, бо “Неба на зямлі патрабуе кожны чалавек, які набліжаецца да Касцёла, а не чагосьці іншага”.

“Няхай Пан дасць нам ласку і зробіць усіх нас адданымі асвячэнню саміх сябе і вернікаў, нам давераных. У ноч канфлікту, якую вы перажываеце, як у Гетсэманіі, Пан просіць вас “чуваць і маліцца”; не абараняцца, і тым больш не нападаць. Але вучні спалі, замест таго, каб маліцца, а калі прыйшоў Юда, пачалі выцягваць мячы. Не маліліся і таму трапілі ў спакусу, у спакусу свецкасці: гвалтоўная слабасць цела перамагла над сціпласцю духа”, — падкрэсліў Папа.

“Не сон, не меч, не ўцяканне, а малітва і самаахвярнасць – гэта адказы, якіх Пан чакае ад сваіх. Толькі гэта можа быць хрысціянскім адказам, толькі гэта ратуе ад свецкай спіралі насілля”, — дадаў ён.

Іншае заданне для Царквы – блізкасць да людзей. Яна можа стаць каналам, па якім пабяжыць “жывая вада надзеі”. Паводле Пантыфіка, вернікі будуць прымаць Евангелле, толькі калі пастыры здолеюць не проста казаць пра Бога, але несці Яго, прыносячы ў дар саміх сябе, маючы адкрытыя сэрцы, слухаючы і суцяшаючы людзей.

Душпастырскі клопат у першую чаргу павінен тычыцца літургіі, якая разам з духоўнасцю і катэхізацыяй з’яўляецца элементам, які характарызуе тоеснасць Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Папа заўважыў, што літургія адкрывае шлях да безумоўнай і братэрскай любові паміж людзьмі, як унутры, так і за межамі супольнасці.

Пантыфік нагадаў пра некаторыя гуманітарныя ініцыятывы на карысць насельніцтва Украіны, падкрэсліваўчы, што дапамога людзям павінна быць канкрэтнай. “Нельга забываць пра брата, які пакутуе”, — дадаў ён.

Паводле Францішка, акрамя малітвы і блізкасці да людзей фундаментальна важная – сінадальнасць або адзінства, жывы дыялог паміж пастырамі і паміж пастырамі і вернікамі. Яна, у сваю чаргу, прадугледжвае слуханне, узаемаадказнасць і ўдзел у касцёльным жыцці свецкіх вернікаў, нагадаў украінскім грэка-каталіцкім іерархам Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што сінадальнасць пашырае гарызонты і дапамагае жыць багаццем уласнай традыцыі ўнутры паўсюднасці Касцёла, захоўваючы павагу да іншых супольнасцей і добрыя адносіны з імі. Еднасць Касцёла будзе больш плённай, калі будуць больш рэальнымі лучнасць і ўзаемапаразуменне паміж Апостальскай Сталіцай і мясцовымі Касцёламі, сказаў Папа Францішак. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на небяспекі, якія нясуць рознага роду партыкулярызмы: касцёльныя, нацыяналістычныя, палітычныя.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі