Папа: знявага жанчыны – грэх супраць Бога-Стварыцеля

Знявага жанчыны – грэх супраць Бога, які стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства, – сказаў Папа падчас ранішняй святой Імшы, якую 15 чэрвеня 2018 года цэлебраваў у Ватыкане.

Сваю гамілію Пантыфік пабудаваў вакол літургічнага евангельскага чытання (Мц 5, 27-32), у якім сцвярджаецца: “Кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сэрцы сваім”. Ён зазначыў, што жанчыны ўвасабляюць менавіта “тое, чаго не хапае мужчынам, каб быць вобразам і падабенствам Бога”.

“Вучэнне Езуса аб жанчыне змяняе гісторыю. Жанчына да Езуса – гэта адно, але пасля Езуса – зусім іншае. Езус адарае жанчыну годнасцю і ставіць яе на адзін узровень з мужчынам, кіруючыся першымі словамі Стварыцеля аб тым, што абодва з’яўляюцца вобразам і падабенствам Бога,” – падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак выказаў занепакоенасць у сувязі з тым, што ў фільмах, тэлевізійных праграмах, часопісах, рэкламе, жанчына часта прадстаўляецца як “аб’ект пажадлівасці”, мыслення паводле прынцыпу “скарыстай і выкінь”. Такое стаўленне Папа назваў “грахом супраць Бога-Стварыцеля”.

Спысылаючыся на евангельскія словы: “кожны, хто развядзецца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да чужаложства”, Святы Айцец звярнуў увагу на феномен прастытуцыі, падкрэсліўшы, што вінаватыя ў гэтай з’яве, у першую чаргу, мужчыны, якія не ставяцца добра да жанчын, робячы з іх “нявольніц ментальнасці выкідання”. “Прымаючы такое мысленне, мы зневажаем вобраз Бога, Які стварыў мужчыну і жанчыну, разам, на свой вобраз і падабенства”, – паўтарыў Папа.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку