Папа: здаецца, што “Вялікі Абвінаваўца” ўзяўся за біскупаў

Біскупы павінны быць людзьмі малітвы, пакоры і знаходзіцца побач з давераным ім народам, асабліва сёння, калі, здаецца, “Вялікі Абвінаваўца” ўзяўся за біскупаў, сцвердзіў Папа.

Падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 11 верасня Папа Францішак цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі, ён спаслаўся на ўрывак Евангелля св. Лукі (Лк 6, 12-19), у якім апавядаецца, як пасля доўгай начной малітвы Езус выбраў дванаццаць апосталаў, а затым пайшоў да людзей, каб быць сярод іх, вучыць і аздараўляць.

Папа Францішак падкрэсліў, што, у першую чаргу, біскуп павінен быць чалавекам малітвы, бо менавіта ў ёй можа знайсці суцяшэнне ў цяжкія хвіліны. Гэта падкрэслівае і св. Пётр, калі кажа: “А мы будзем трываць у малітве і служэнні слова” (Дз 6,4). Ён не кажа: “Мы будзем займацца арганізацыйнымі пытаннямі ці душпастырскімі планамі”, з іроніяй заўважыў Святы Айцец.

Папа Францішак таксама падкрэсліў, што каталіцкі іерарх павінен быць чалавекам пакоры. “Біскуп, які любіць Езуса, не будзе кар’ерыстам, які развівае сваё пакліканне ў якасці нейкай функцыі, або гледзячы на іншыя магчымасці для кар’ернага росту. Біскуп адчувае сябе выбраным. Ён мае ўпэўненасць, што быў выбраны. І гэта прыводзіць да дыялогу з Панам: “Ты выбраў мяне, такога нязначнага, такога грэшніка…”, – сказаў Папа.

“Біскуп – пакорны. Калі ён адчувае сябе выбраным, адчувае позірк Езуса на ўласным жыцці, а гэта дае яму сілу”, – дадаў Пантыфік.

Святы Айцец зазначыў таксама, што біскуп павінен быць блізкім да людзей, не шукаць “прытулку сярод магутных гэтага свету, сярод эліты”. “Эліта будзе крытыкаваць біскупа; народ жа захоўвае любоў да яго і ўмацоўвае біскупа ў яго пакліканні”, – сцвердзіў Папа.

“Пра гэта варта памятаць у нашы часы, калі, здаецца, “Вялікі Абвінаваўца” захацеў узяцца за біскупаў”, – сказаў Папа Францішак.

“Гэта праўда, што мы, біскупы, усе з’яўляемся грэшнікамі. Вялікі Абвінаваўца намагаецца зрабіць бачнымі грахі, каб выклікаць абурэнне людзей. Вялікі Абвінаваўца – як ён сам кажа Богу ў першым раздзеле кнігі Ёва – “ходзіць па свеце, шукаючы як абвінаваціць”. Сіла біскупа супраць Вялікага Абвінаваўцы – гэта малітва, малітва Езуса за яго і ўласная малітва; а таксама пакора адчування сябе выбраным, пакора прабывання ў блізкасці з Божым людам, без імкнення да арыстакратычнага жыцця, якое пазбаўляе гэтага намашчэння. Памолімся сёння за нашых біскупаў: за мяне, за тых, якія знаходзяцца тут, за ўсіх біскупаў свету”, – заклікаў Папа Францішак на заканчэнне гаміліі.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку