Папа заснаваў Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця

rodzina4 чэрвеня Святы Айцец Францішак зацвердзіў “ad experimentum” cтатут новай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, у склад якой увойдуць, пачынаючы з 1 верасня, цяперашнія Папская рада па справах свецкіх і Папская рада па справах сям’і.

З гэтага дня паўнамоцтвы абедзьвух дыкастэрый спыняюцца і яны перастаюць існаваць, гаворыцца ў спецыяльнай заяве Залы Друку Святога Пасаду. Змены адбыліся згодна з палажэннямі Апостальскай канстытуцыі “Pastor Bonus”.

Стутут складаецца з 13 артыкулаў. З яго вынікае, што новая Дыкастэрыя будзе падзелена на тры Секцыі: па справах свецкіх вернікаў, па справах сям’і і па справах жыцця. Яе кампетэнцыі будуць распаўсюджвацца на пытанні, звязаныя з дзейнасцю Апостальскай Сталіцы на карысць садзейнічання жыццю і апостальства свецкіх вернікаў, душпастырства сям’і і яе місіі, абароны і падтрымкі чалавечага жыцця.

Дыкастэрыю ўзначаліць прэфект, дапамагаць яму будзе сакратар, які можа быць свецкай асобай, і тры свецкія падсакратары. Супрацоўнікі, духавенства і свецкія, павінны быць выбраны, наколькі гэта магчыма, з розных рэгіёнаў свету, згодна з адпаведнымі правіламі Рымскай курыі.

Секцыя па справах свецкіх вернікаў будзе працаваць на карысць пашырэння паклікання і місіі свецкіх у Касцёле і ў свеце, і тых, якія знаходзяцца ў сужэнстве, і не, а таксама членаў асацыяцый, рухаў і супольнасцяў. Яна таксама паклікана спрыяць даследаванням па дактрынальныя вывучэнні праблем і пытанняў, якія тычацца свецкіх.

Заданнем Секцыі па справах сям’і будзе душпастырскі клопат пра сям’ю, падтрымка яе годнасці, заснаванай на сакрамэнце сужэнства, абарона яе правоў і абавязкаў у Касцёле і ў грамадзянскай супольнасці.

Секцыя па справах жыцця павінна падтрымліваць і каардынаваць ініцыятывы, накіраваныя на стымуляванне адказнай пракрэацыі, на абарону чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнага завяршэння, беручы пад увагу патрэбы чалавека ў розных эвалюцыйных фазах. Гэта секцыя будзе знаходзіцца ў супрацоўніцтве з Папскай акадэміяй жыцця.

Ватыканскае радыё

для друку для друку