Папа запрашае кіраўнікоў Цэркваў да малітвы за Блізкі Усход

Францішак наведае італьянскі горад Бары, каб прыняць удзел у малітоўнай сустрэчы ў інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе, дзе ў выніку драматычнай сітуацыі працягваюць пакутаваць шматлікія хрысціяне. Адмысловы Дзень малітвы і разважання пройдзе 7 ліпеня і будзе насіць экуменічны характар. 

Да ўдзелу ў падзеі Папа запросіць кіраўнікоў Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў блізкаўсходняга рэгіёна. Вернікаў ва ўсім свеце ён заклікае падтрымаць падрыхтоўку да сустрэчы сваімі малітвамі, паведаміла 25 красавіка Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Малітоўная сустрэча адбудзецца ў базыліцы св. Мікалая, дзе захоўваюцца рэліквіі гэтага святога, які ўшаноўваецца як католікамі, так і праваслаўнымі. Іншыя дэталі сустрэчы і склад яе ўдзельнікаў пакуль не паведамляюцца. 

Бары знаходзіцца ў паўднёвай-усходняй частцы Апенінскага паўвострава. Размешчаны тут, Тэалагічны факультэт рэгіёна Апулія актыўна займацца даследаваннямі ў сферы адносін паміж хрысціянамі. У снежні 2016 г. у гэтай навучальнай установе была ўручана экуменічная прэмія Патрыярху Канстантынопальскаму Барталамею І, а ў снежні 2017 г. факультэт надаў тытул ганаровага доктара Мітрапаліту Іларыёну, старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата.

Ватыканскае радыё

для друку для друку