Папа заклікаў да сусветнага мараторыя на смяротнае пакаранне

Святы Айцец заклікаў усе краіны прыняць мараторый на смяротнае пакаранне з мэтай яго канчатковай адмены, нягледзячы на складаныя палітычныя працэсы.

17 снежня 2018 г. Францішак сустрэўся ў Ватыкане з дэлегацыяй Міжнароднай камісіі супраць смяротнага паракання (International Commission Against the Death Penalty). Папа ўручыў яе членам тэкст сваёй прамовы на іспанскай мове, у якім падкрэсліў, што смяротнае пакаранне супярэчыць Евангеллю, бо прадугледжвае знішчэнне жыцця, заўсёды святога ў вачах Стварыцеля, якога толькі Бог з’яўляецца сапраўдным суддзёй і гарантам.

Пантыфік заўважыў, што ў мінулыя стагоддзі смяротнае пакаранне часта ўспрымалася як лагічнае і справядлівае наступства злачынства. Яно ўжывалася нават у Папскай дзяржаве, ігнаруючы першаснасць міласэрнасці перад справядлівасцю.

Вось чаму новая фармуліроўка, змешчаная ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла, прадугледжвае таксама ўзяцце адказнасці за мінулае і прызнанне таго, што гэтая форма пакарання была наступствам тагачаснага мыслення, больш прывязанага да літары закона, чым хрысціянскага, мыслення, якое сакралізавала каштоўнасць законаў, пазбаўленых гуманнасці і міласэрнасці, напісаў Папа.

Папа Францішак заклікаў усе краіны да мараторыя на смяротнае пакаранне, а таксама звярнуў увагу на тое, што распаўсюджанымі феноменам з’яўляецца ўжыванне гэтага пакарання без належнага судовага працэсу. Гаворачы аб праве на самаабарону, ён заўважыў, што яна заўсёды павінна быць прапарцыянальнай.

Паводле Папы, справядлівасць павінна быць не толькі “бацькоўскай”, але і “матчынай”. Жэсты ўзаемнага клопату, уласцівыя любові, якая з’яўляецца таксама грамадскай і палітычнай, праяўляюцца ва ўсіх дзеяннях, накіраваных на будаванне лепшага свету. Любоў да грамадства і адказнасць за супольнае дабро, гэта выдатная форма любові, якая тычыцца не толькі адносін паміж індывідуумамі, але таксама макра-адносін, такіх як грамадскія, эканамічныя і палітычныя, нагадаў Пантыфік.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку