Папа: веру можна перадаць толькі мовай любові

Веру можна перадаць толькі на мове любові, падкрэсліў Папа. Па традыцыі ў свята Хросту Пана, якое сёлета адзначалася 7 студзеня, ён цэлебраваў Імшу ў ватыканскай Сікстынскай капэле, падчас якой ахрысціў дзяцей супрацоўнікаў ватыканскіх структур. Сакрамант атрымалі 34 дзіцяці: 18 дзяўчынак і 16 хлопчыкаў.

У гаміліі Святы Айцец нагадаў, што заданнем бацькоў з’яўляецца перадача веры. З хростам дзеці атрымліваюць Найсвяцейшую Тройцу: Айца, Сына і Святога Духа. Яна “будзе жыць у іх сэрцах”, сказаў ён і падкрэсліў, што вучыць дзяцей веры трэба на “дыялекце сям’і, дыялекце бацькі і маці, дзядулі і бабулі”.

Гэтым дыялектам, паводле Пантыфіка, з’яўляецца “мова любові”, на якой бацькі размаўляюць паміж сабой. Калі яе не будзе ў сямейным асяроддзі, здзейсніць перадачу веры, якая з’яўляецца нялёгкай справай, будзе немагчыма, падкрэсліў Святы Айцец і нагадаў, што менавіта гэта першае знаёмства з верай у сям’і пазней будуць развіваць у дзецях катэхеты. 

Францішак заклікаў бацькоў вучыцца казаць аб веры ад маленькіх дзяцей, якія гавораць так як умеюць. “Такая мова вельмі падабаецца Езусу. У вашых малітвах будзьце простымі як яны: кажыце Езусу тое, што маеце ў сэрцы, як робяць дзеці”, — параіў Пантыфік.

Напрыканцы гаміліі Папа дазволіў прысутным на літургіі маці не бянтэжачыся пакарміць сваіх немаўлят, калі яны будуць прасіць аб гэтым. “Калі яны пачнуць “канцэрт”, па прычыне спякоты, незнаёмага асяроддзя ці голаду, дайце ім есці без страху, таксама і гэта – мова любові”, — сказаў Папа.

Да гэтага часу, у свята Хросту Пана, з улікам сённяшняга дня, Францішак удзяліў хрост 153 дзецям; а яго папярэднікі Бэнэдыкт XVI і Ян Павел II ахрысцілі адпаведна 120 і 687 дзяцей.

Ватыканскае радыё

для друку для друку