Папа ў свой Дзень нараджэння сустрэўся з моладдзю

dr_papyПавіншаваць Пантыфіка з Днём нараджэння і надыходзячай урачыстасцю Божага Нараджэння 17 снежня 2015 г. прыбылі ў Ватыкан каля 60-ці юнакоў і дзяўчат з руху “Каталіцкая акцыя”. Пантыфік падзякаваў ім за добрыя словы, скіраваныя ў яго адрас, а таксама за падораны торт.

У сваёй прамове ён адзначыў, што, дзякуючы “Каталіцкай акцыі” мноства маладых людзей маюць магчымасць лепш пазнаёміцца з Хрыстом, навучыцца жыць Евангеллем у сям’і, школе, парафіі, падчас заняткаў спортам. Праз удзел у ініцыятывах руху, яны ўключаюцца ў жыццё Касцёла, адчуваючы, што Езус блізка, а “гэта прыносіць вялікую радасць”. Папа заклікаў моладзь ахвотна наведваць заняткі па катэхізацыі і ўдзельнічаць у св. Імшы, вучыцца чытаць Святое Пісанне і крок за крокам станавіцца місіянерамі, здольнымі несці Езуса іншым.

Ісці да Хрыста, паводле слоў Папы, азначае ісці шляхам дабра, а не зла, прабачэння, а не помсты, міру, а не вайны, салідарнасці, а не эгаізму.

Святы Айцец высока ацаніў дабрачынныя ініцыятывы “Каталіцкай акцыі”, асабліва на карысць мігрантаў. Ён распавёў, што16 снежня 2015 г., падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, яму прынеслі цёмнаскурае дзіця, якое нарадзілася пасярод мора ў лодцы бежанцаў ля берагоў Сіцыліі. “Многім дзецям атрымліваецца даплыць, а многім – не”,- з жалем заўважыў Пантыфік.

Францішак пажадаў усім шчаслівага і святога Божага Нараджэння і папрасіў не забывацца аб малітве за яго.

Ватыканскае радыё

для друку для друку