Папа ўстанавіў Дыкастэрыю па інтэгральным развіцці чалавека

papa sjamjaПапа Францішак заснаваў 17 жніўня 2016 г. новую Дыкастэрыю па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека. 31 жніўня 2016 г. у Ватыкане быў апублікаваны адпаведны Апостальскі ліст Пантыфіка ў форме “Motu proprio”.

У ім адзначаецца, што “усім сваім існаваннем і дзейнасцю Касцёл пакліканы спрыяць інтэгральнаму развіццю чалавека ў святле Евангелля”, якое “ажыцяўляецца праз клопат аб бескаштоўных дабротах справядлівасці, міра і аховы стварэння”.

Дыкастэрыя па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека будзе займацца пытаннямі, якія тычацца “міграцыі, дапамогі патрабуючым, хворым і адрынутым, ахвярам узброеных канфліктаў і стыхійных бедстваў, беспрацоўным, ахвярам розных формаў рабства і катаванняў і іншым людзям, чыя годнасць знаходзіцца пад пагрозай”, гаворыцца ў папскім дакуменце.

Сярод заданняў новастворанай Дыкастэрыі: супрацоўніцтва з мясцовымі Касцёламі, падтрымка і каардынацыя ініцыятыў каталіцкіх структур і развіццё адносін з асацыяцымі, інстытутамі і няўрадавымі арганізацыямі, у тым ліку за межамі Каталіцкага Касцёла, якія спрыяюць справядлівасці і міру.

Паводле статута, які Папа Францішак зацвердзіў “ad experimentum”, з 1 студзеня 2017 г. Дыкастэрыя па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека ўключыць у сябе паўнамоцтвы, якія дагэтуль належаць да Папскай рады “Iustitia et pax”, Папскай рады “Cor Unum”, Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў і Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, з спыненнем існавання вышэйзгаданых Папскіх радаў.

Пасады сакратара і падсакратароў новай структуры змогуць займаць свецкія вернікі. Кіраўніцтва секцыяй па пытаннях мігрантаў і бежанцаў будзе ажыцяўляць “ad tempus” сам Папа Францішак.

Прэфектам Дыкастэрыі Святы Айцец прызначыў кардынала Пітэра Тарксана, які ў цяперашні час з’яўляецца старшынёй Папскай рады “Iustita et pax”.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку