Папа: сямейны дух – канстытуцыйная хартыя для Касцёла

AFP4597977_ArticoloАб патрэбе сучаснага свету ў моцнай “ін’екцыі” сямейнага духа, казаў папа Францішак 7 кастрычніка падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. У кантэксце правядзення Сінода Біскупаў, Пантыфік вырашыў прысвяціць свае бліжэйшыя катэхезы адносінам паміж Касцёлам і сям’ёй, у перспектыве іх карысці для ўсяго чалавецтва.

“Уважлівы позірк на штодзённае жыццё сучасных мужчын і жанчын дэманструе неадкладную патрэбу ў моцнай ін’екцыі сямейнага духа. Сапраўды, стыль адносін – сацыяльных, эканамічных, юрыдычных, прафесійных, грамадзянскіх – здаецца вельмі рацыянальным, фармальным, арганізаваным, але таксама і вельмі “абязводжаным”, сухім, ананімным. Часам ён становіцца нязносным. Нягледзячы на тое, што жадае быць інклюзіўным у сваіх формах, на самой справе пакідае ў самотнасці і на ўзбочыне ўсё большую колькасць людзей”, — сказаў Францішак.

Святы Айцец лічыць, што ў такім кантэксце сям’я адкрывае людзям больш чалавечную перспектыву адносін, угрунтаваных на свабодна заключаным саюзе любові.

“Сям’я нараджае патрэбу сувязі вернасці, шчырасці, даверу, супрацоўніцтва, пашаны; заахвочвае будаваць свет, у якім можна жыць і верыць у адносіны, заснаваныя на даверы, нават у складаных умовах; вучыць трымаць дадзенае слова, паважаць канкрэтных асоб, падзяляць абмежаванасці свае і іншага. Мы ўсе ведаем аб незаменнай ролі сямейнай увагі да самых малых, уразлівых, параненых і да найбольш пацярпелых ад жыццёвых бедстваў. У грамадстве, тыя, хто практыкуе гэтыя паставы, набываюць іх дзякуючы сямейнаму духу, а не духу спаборніцтва ці імкнення да самарэалізацыі”, — сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што нягледзячы на такое важнае значэнне інстытута сям’і, яму не надаецца належнага вагі, прызнання і падтрымкі ў палітычнай і эканамічнай арганізацыі сучаснага свету.

“Часам хочацца сказаць, што сучаснае грамадства, з усёй сваёй навукай і тэхнікай, яшчэ не ў стане перакласці гэтыя свае веды на найлепшыя формы грамадскага суіснавання. Не толькі арганізацыя супольнага жыцця ўсё больш гразне ў бюракратыі, абсалютна далёкай ад фундаментальных чалавечых сувязяў, але і нават сацыяльныя і палітычныя звычаі часта дэманструюць знакі дэградацыі – агрэсіўнасць, вульгарнасць, пагарду… , якія знаходзяцца значна ніжэй прынамсі мінімальнага ўзроўню сямейнага выхавання”, — сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што для Касцёла “сямейны дух” з’яўляецца “канстытуцыйнай хартыяй”. Менавіта ім павінна быць прасякнута хрысціянства. “Касцёл ёсць і павінен быць сям’ёй Божай”, — дадаў ён.

Гаворачы аб евангелізацыйным патэнцыяле сям’і, Францішак падкрэсліў, што яна з’яўляецца “адной з самых галоўных сетак у місіі Пятра і Касцёла”. “Гэта не такая сетка, якая стварае нявольнікаў. Наадварот – яна вызваляе з кепскіх водаў пакінутасці і абыякавасці, якія топяць мноства людзей у моры самотнасці і абыякавасці. Сем’і добра ведаюць, што такое годнасць адчуванне сябе дзецьмі, а не рабамі, чужынцамі ці толькі нумарам у ідэнтыфікацыйным дакуменце”, — сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй катэхезы Святы Айцец пажадаў, каб “энтузіязм сінадальных айцоў, ажыўлены Святым Духам, выклікаў у Касцёле імпульс, які дазволіць пакінуць старыя сеткі і “рыбачыць”, давяраючы слову свайго Пана”.

 Ватыканскае радыё

для друку для друку