Папа сустрэўся з Патрыярхам Іерусалімскім

Будаваць будучыню поўнага прымірэння і братэрскай еднасці, заклікаў Францішак падчас аўдыенцыі для Патрыярха Тэафіла ІІІ, прадстаяцеля Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы. Сустрэча адбылася 23 кастрычніка ў Ватыкане.

У прамове Пантыфік выказаў шчырае жаданне і гатоўнасць працягваць шлях да поўнай еднасці паміж католікамі і праваслаўнымі. “Калі б мы гэтага не рабілі, гэта было б самай цяжкой правінай сённяшняга дня, было б ухіленнем ад настойлівага закліку Хрыста, а таксама знакаў часу, якія Дух сее на шляху Царквы”, — сказаў ён.

Францішак выказаў сваю занепакоенасць сітуацыяй тых, хто пакутуе ад канфліктаў у Святой Зямлі. Ён пажадаў, каб у рэгіёне спынілася насілле, дыскрымінацыя і праявы неталерантнасці супраць людзей, а таксама юдэйскіх, хрысціянскіх і мусульманскіх культавых будынкаў.

Іерусалім, актуальны статус якога павінен бараніцца і ахоўвацца, павінен быць месцам, дзе ўсе могуць жыць у міры, бо ў адваротным выпадку, спіраль пакут будзе працягвацца для ўсіх і бясконца, падкрэсліў Папа.

Ён таксама пажадаў, каб хрысціяне Святой Зямлі лічыліся інтэгральнай часткай грамадства, якая робіць свой унёсак у супольнае дабро і будаванне міру, што можа быць яшчэ больш плённым пры ўзаемадзеянні розных канфесій, прысутных у рэгіёне.

Сустрэча Францішка з Тэафілам ІІІ была не першай. Дагэтуль яны сустракаліся ўжо двойчы: падчас пілігрымкі Пантыфіка ў Святую Зямлю ў маі 2014 г. і з нагоды малітвы за мір, якая ў чэрвені 2014 г. была арганізавана ў Ватыканскіх садах.

Ватыканскае радыё

для друку для друку