Папа сустрэўся са святарамі і кансэкраванымі асобамі Кеніі

AP3191778_ArticoloВыбраныя, каб дапамагаць бедным. Так папа Францішак ахарактарызаваў духавенства, семінарыстаў і кансэкраваных асобаў Кеніі з якімі сустрэўся 26 лістапада ў рамках свайго падарожжа ў Афрыку. Святы Айцец адклаў загадзя падрыхтаваны тэкст прамовы і спантанна падзяліўся з прысутнымі сваімі думкамі. 

Пантыфік перакананы, што ў святарства і кансэкраванае жыццё можна ўвайсці праз дзверы, якімі з’яўляецца Езус Хрыстус. Некаторыя, аднак, жадаюць увайсці праз вакно, іранічна заўважыў ён. Гэта, паводле Папы, не патрэбна, і такім асобам неабходна далікатна патлумачыць, каб ішлі служыць Богу іншым чынам.

Пантыфік падкрэсліў, што бываюць людзі, якія выбіраюць шлях служэння Пану з цікавасці, жадання грошай і ўлады. У жыцці тых, хто служыць Богу ўсяго гэтага, аднак, быць не павінна, лічыць ён

Францішак прызнаў, што калі Езус выбірае асобаў на сваю службу не кананізуе іх і яны працягваюць быць грэшнікамі. “Мы ўсе грэшнікі, і я першы, перад вамі”, — сказаў Святы Айцец і заклікаў ўсіх аплакваць свае слабасці, нявярнасць, пакуты свету, маргіналізаваных людзей, пакінутых пажылых асобаў, забітых дзяцей. Існуе шмат таямнічых сітуацый у свеце, напрыклад пакуты нявінных дзяцей, над якімі не застаецца нічога, як толькі плакаць, гледзячы на ўкрыжаванага Хрыста. Папа заклікаў кенійскае духавенства і кансэкраваных асобаў заўсёды памятаць пра крыж Пана, шмат маліцца і служыць людзям.

Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец спаткаўся з групай дзяцей, хворых на рак, і паразмаўляў з кожным з іх.

Ватыканскае радыё

для друку для друку