Папа стварыў Ватыканскі фонд Яна Паўла I

Ян Павел I на балконе базылікі св. Пятра

Папа Францішак заснаваў Ватыканскі фонд Яна Паўла I з мэтай даследавання і папулярызацыі асобы, думкі і вучэння Альбіна Лучані, кароткі пантыфікат якога працягваўся з 26 жніўня па 28 верасня 1978 г.

Новая структура будзе займацца захаваннем культурнай і рэлігійнай спадчыны, пакінутай Янам Паўлам I; прасоўваць ініцыятывы, навуковыя канферэнцыі, сустрэчы, семінары; устанаўліваць узнагароды і стыпендыі; клапаціцца пра выдавецкую дзейнасць, публікуючы вынікі даследаванняў; садзейнічаць асобам і ўстановам, якія працуюць з тымі ж мэтамі.

Кіраваць фзондам будзе Дзяржсакратар Яго Святасці. Кардынал Пьетра Паралін лічыць, што вучэнне Яна Паўла І застаецца актуальным: “Блізкасць, пакорлівасць, прастата, адданасць Божай міласэрнасці, любоў да бліжняга і салідарнасць – гэта яго характэрныя рысы”, “гэта пастыр, блізкі людзям, арыентаваны на сутнасць веры, з надзвычайнай сацыяльнай адчувальнасцю”.

“Гэта біскуп, які жыў досведам Другога Ватыканскага Сабора, рэалізаваў яго і падчас свайго кароткага пантыфікату дабіўся прагрэсу Касцёла па асноўных шляхах, указаных ім: імкненне да крыніц Евангелля і новая місіянерская прырода, біскупская калегіяльнасць, служэнне ў касцёльнай беднасці, пошук хрысціянскай еднасці, міжрэлігійны дыялог, дыялог з сучасным светам і міжнародны дыялог, які павінен весціся з настойлівасцю і рашучасцю, на карысць справядлівасці і міру”, — адзначыў кардынал Дзяржсакратар.

Існаванне фонда важнае таксама ў кантэксце беатыфікацыйнага прасэсу Яна Паўла I, якія працягваецца з 2002 г., у тым ліку з пункту гледжання важнай гістарычнай і гістарыяграфічнай даследчай працы.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку