Памёр кардынал Ёахім Майснер, які каранаваў папскімі каронамі цудатворны абраз Маці Божай у Браславе

Раніцай 5 ліпеня ў 83-гадовым узросце адышоў у вечнасць кардынал Ёахім Майснер, арцыбіскуп Кёльнскі на пенсіі. 

У спачувальнай тэлеграме папа Францішак падкрэсліў, што кардынал Майснер “з глыбокай верай і шчырай любоўю да Каталіцкага Касцёла прысвячаў сябе абвяшчэнню Добрай Навіны”, і выказаў надзею, што Пан Езус узнагародзіць яго “за адданае і смелае служэнне на карысць людзей Усходу і Захаду” і ўчыніць яго “годным удзелу ў еднасці са святымі ў небе”.

Ёахім Майснер нарадзіўся 25 снежня 1933 г. у польскім горадзе Вроцлаве, які на той час з’яўляўся часткай Усходняй Германіі. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў 1945 г. разам з бацькамі пераехаў у заходнюю частку краіны і пасяліўся ў горадзе Мюльхазэн у Цюрынгіі. Скончыў духоўную семінарыю ў нямецкім Эрфурце. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 22 снежня 1962 г. Працаваў дапаможным вікарыем у парафіі св. Эгідзія ў горадзе Хайльбад-Хайлігенштадт і парафіі Святога Крыжа ў Эрфурце. З 1963 г. па 1975 г. выконваў паслугу духоўнага настаўніка мясцовага аддзялення дабрачыннай арганізацыі “Caritas”.

17 мая 1975 г. Ёахім Майснер атрымаў біскупскую сакру з рук Апостальскага адміністратара Эрфурта і Майнінгена арцыбіскупа Хуга Ауфдэрбека.

22 красавіка 1980 г. папа Ян Павел II прызначыў Ёахіма Майснера біскупам Берлінскай архідыяцэзіі, а на кансісторыі 2 лютага 1983 г. узвёў яго ў кардынальскую годнасць. У перыяд 1982-1989 гг. Майснер з’яўляўся старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Германіі.

20 снежня 1988 г. нямецкі іерарх быў прызначаны арцыбіскупам Кёльна і заставаўся на чале архідыяцэзіі да 28 лютага 2014 г., калі папа Францішак прыняў яго прашэнне аб звальненні з гэтай пасады.

Ёахім Майснер прымаў удзел у II Спецыяльнай Еўрапейскай Асамблеі Сінода Біскупаў, скліканай у 1999 г. З’яўляўся членам Рады кардыналаў па вывучэнні эканамічных і арганізацыйных праблем Апостальскай Сталіцы.

Пурпурат удзельнічаў у канклаве ў кастрычніку 2005 г., на якім быў абраны Бэнэдыкт XVI, а таксама ў канклаве ў сакавіку 2013 г., які аб’явіў чарговым наступнікам св. Пятра кардынала Хорхе Марыа Берголіа.

У жніўні 2009 г., па запрашэнні беларускіх біскупаў, кардынал Ёахім Майснер здзейсніў візіт у Беларусь, дзе ўзначаліў цырымонію каранацыі папскімі каронамі цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браслаўскай парафіі імя Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (Віцебская дыяцэзія).

Пасля смерці нямецкага іерарха Калегія Кардыналаў складаецца з 224 іерархаў, з якіх 121 маюць права голасу на магчымым канклаве.

Ватыканскае радыё

для друку для друку