Папа скіраваў пасланне на Сусветны дзень моладзі

Францішак скіраваў пасланне на Сусветны дзень моладзі, які пройдзе ва ўсім свеце на дыяцэзіяльным узроўні ў Пальмовую нядзелю, 9 красавіка. Дакумент быў апублікаваны 21 сакавіка ў Ватыкане. Тэмай бліжэйшага моладзевага свята стануць словы Марыі: “Вялікае ўчыніў мне Усемагутны” (Лк 1,49).

Нагадваючы евангельскую гісторыю, Папа заўважыў, што, пачуўшы словы анёла, Марыя не закрылася ў доме і не дазволіла страху і пысе паралізаваць сябе, але не марудзячы паспяшыла наведаць сваю пажылую сваячку, каб аказаць ёй дапамогу. “Марыя не належыць да такога тыпу жанчын, якім для добрага самапачуцця патрэбна зручная канапа, на якой магла б утульна і бяспечна сядзець. Яна не была канапавай дзяўчынай”, — сказаў Папа.

Ён заўважыў, што шлях Марыі да Альжбеты быў доўгім – складаў каля 150 км – але дзякуючы гэтаму, яна мела дастаткова часу для рахважання над цудоўнай падзеяй, у якой удзельнічала. “Таксама адбываецца і з намі, калі выходзім у пілігрымку: у дарозе нам узгадваюцца жыццёвыя факты і мы можам адкрыць іх значэнне і паглыбіць разуменне нашага паклікання, якое праявіцца потым у сустрэчы з Богам і служэнні іншым”, — дадаў Пантыфік.

Паводле яго, калі Бог дакранаецца да сэрца юнака ці дзяўчыны, яны становяцца здольным на вялікія рэчы. Іх жыццё можа стаць прыладай для таго, каб палепшыць свет, каб “пакінуць след у жыцці”, ва ўласнай гісторыі і гісторыі іншых людзей.

Францішак заклікаў моладзь памятаць пра сваё мінулае і заўважаць у ім міласэрную і ўсемагутную дзейнасць Бога. “Няма святога без мінулага і няма грэшніка без будучыні. Пярліна нараджаецца ад раны вустрыцы! Сваёй любоўю Езус можа аздаравіць нашыя сэрцы, перамяняючы нашы раны ў сапраўдныя пярліны”, — сказаў ён.

Даючы канкрэтныя парады моладзі, Папа заклікаў заўсёды знаходзіць некалькі хвілін перад сном, каб паразважаць пра цудоўныя і кепскія моманты дня. Важна таксама дзякаваць Богу, вызнаваць правіны і давяраць Яму, штодзённа чытаць Святое Пісанне, суадносячы прачытанае з уласным жыццём, прымаць удзел у Эўхарыстыі і чэрпаць мудрасць ад пажылых людзей.

“Умець памятаць пра мінулае, не значыць быць настальгіруючым ці заставацца прывязаным да пэўнага перыяду гісторыі, але ўмець распазнаваць уласныя карані, каб заўсёды вяртацца да істотнага і з крэатыўнай вернасцю імкнуцца ў будаванне новых часоў”, — сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што грамадства, якое цэніць толькі сучаснае, рызыкуе жыць у пагардзе да спадчыны мінулага, да якой належаць у тым ліку і інстытут сужэнства, кансэкраванае жыццё, святарская місія, якія сёння часта ўспрымаюцца, “як пазбаўленыя сэнсу ці як састарэлыя формы”. Пантыфік заклікаў моладзь не паддавацца гэтаму падману, імкнуцца распазнаць Божае пакліканне і адказаць на яго, што з’яўляецца адзіным шляхам да шчасця.

Сёлетні Сусветны дзень моладзі з’яўляюцца першым этапам у падрыхтоўцы да галоўнага моладзевага форума, які пройдзе 22-27 студзеня 2019 г. у Панаме.

Ватыканскае радыё

для друку для друку